Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 лістапада 2019, 09:59

У перааснашчэнне мытнай службы ў 2018-2019 гадах укладзена каля $15 млн - Сянько

27 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У перааснашчэнне мытнай службы ў 2018-2019 гадах укладзена каля $15 млн. Аб гэтым паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько 26 лістапада ў час урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 80-годдзю Брэсцкай мытні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Некалькі дзясяткаў гадоў таму складана было ўявіць, якія тэхнічныя сродкі кантролю будзе мець мытня, якія спецыялісты будуць працаваць з тэхнікай. Мы пастаянна перааснашчаемся. Толькі ў 2018-2019 гадах атрымалі ў якасці тэхнічнай дапамогі абсталявання, якое пайшло на пераўзбраенне граніцы, практычна на $15 млн", - сказаў Юрый Сянько.

Старшыня ДМК падкрэсліў, што мытная служба нацэлена зрабіць перасячэнне граніцы максімальна хуткім і камфортным. Ён прывёў у якасці прыкладу пункт мытнага афармлення "Варшаўскі мост". У 1969 годзе за суткі яго прапускная здольнасць складала 50 машын, цяпер там афармляюць 250 легкавых аўтамабіляў у гадзіну. "Такая прапускная здольнасць неабходна. Беларусь - транзітная краіна. Нам трэба афармляць усіх жадаючых, якія з добрымі намерамі прыязджаюць у нашу рэспубліку, едуць у суседнія дзяржавы. Пасажыры не павінны мець нейкіх складанасцей з пункту гледжання перасячэння граніцы", - адзначыў Юрый Сянько.

Агульная працягласць граніцы, што ўваходзіць у зону адказнасці Брэсцкай мытні, дасягае 648 км. Штосутачна яе супрацоўнікі афармляюць 1,2 тыс. чыгуначных вагонаў, 2 тыс. грузавікоў, больш за 6 тыс. легкавых аўтамабіляў, граніцу перасякаюць звыш 20 тыс. грамадзян. "Гэтыя лічбы гавораць за сябе. Пры гэтым гатовы павялічыць хуткасць праходжання, для гэтага ўсё робіцца. Мы мінімізуем сёння часавыя затраты з моманту ўезду ў пункт пропуску да выезду, каб у тым ліку скараціць затраты суб'ектаў гаспадарання на перасячэнне дзяржграніцы", - заўважыў начальнік Брэсцкай мытні Аляксандр Піхун. Ён таксама звярнуў увагу на пастаяннае добраўпарадкаванне інфраструктуры на граніцы. У прыватнасці, у канцы 2020 года плануецца завяршыць рэканструкцыю пункта пропуску "Верхні Церабяжоў" у Столінскім раёне. Аляксандр Піхун выказаў упэўненасць, што пасля мадэрнізацыі гэта будзе адзін з лепшых і самых сучасных пунктаў пропуску ва ўкраінскім напрамку.

У час урачыстага мерапрыемства за добрасумленную службу былі ўзнагароджаны больш як 40 супрацоўнікаў Брэсцкай мытні, сямёра з іх - дзяржаўнымі ўзнагародамі. З юбілеем калектыў павіншавалі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч, прадстаўнікі кіраўніцтва брэсцкіх абласнога і гарадскога выканкамаў.

На выстаўцы спецабсталявання супрацоўнікаў мытні'

Начальнік Брэсцкай мытні Аляксандр Піхун'

Брэсцкая мытня створана 20 снежня 1939 года. Тады пачалі працаваць 12 супрацоўнікаў, праз 80 гадоў калектыў павялічыўся да 1,5 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі