Навіны сюжэта
"Праект "Беларусы ў кадры" на YouTube-канале БЕЛТА"
Часта мы недаацэньваем свой край, імкнучыся правесці тыдзень-другі водпуску дзе-небудзь на марскім узбярэжжы, хоць і ў нашай краіне ёсць нямала мясцін, здольных улюбіць у сябе з першага погляду. Уявіце дагледжаную драўляную сядзібу з прасторнай верандай, на сцяне якой акуратна развешаны пучкі духмяных траў, а з акна адкрываецца маляўнічы краявід на велічны лес, надзейна ўхутаны белым покрывам зімы. Цішыню парушаюць толькі шум ветру ў кронах дрэў ды глухі стук, які час ад часу даносіцца з кузні. Гэта апісанне не казкі, а рэальнага жыцця, якое акружае Сяргея Піскуна і Таццяну Ісаеву - гаспадароў аграсядзібы ў Белавежскай пушчы. У іх двор прыходзяць высакародныя алені і забягаюць на разведку рысі, птушкі тут праводзяць канцэрты, а векавыя елі шчодра дзеляцца маладымі шышкамі для варэння. Героі нашага праекта ўпэўнены: калі пушчанінам нельга нарадзіцца, то ім проста можна стаць!
Галоўнае - усім сэрцам любіць тутэйшыя мясціны, а яны абавязкова адкажуць узаемнасцю.
"Дом не зачыняем: заходзьце, размяшчайцеся"
Сяргей Піскун і Таццяна Ісаева жывуць у самай лясной вёсцы Белая, якую з усіх бакоў акружае Белавежская пушча. Таццяна называе сябе сапраўднай пушчанкай, бо з'явілася на свет у гэтых мясцінах - у вёсцы Ляцкія.
- Мама расказвала, што нарадзіла мяне дома. Тэлефонаў тады не было, таму пра гэта суседка толькі на наступны дзень у бальніцу паведаміла. Медыкі прыехалі і пытаюць: дзе ж парадзіха? А мама папрасіла іх пачакаць: зараз прыйдзе. Тата ж на рабоце, ёй гаспадарку трэба дагледзець. Сама хутка жывёлу ў хляве накарміла і, толькі калі ўправілася па двары, прызналася ўрачам, што яна і ёсць парадзіха. Маму на суткі забралі ў бальніцу, а потым адпусцілі дадому, - з усмешкай расказвае Таццяна і ўдакладняе, што ўся радня па мамінай лініі - карэнныя пушчанцы: - І мая пупавіна тут, у пушчы, прыкапана з нараджэння. Напэўна, таму мяне так заўсёды цягнула назад у родныя мясціны, дзе б я ні была.
Перш чым вярнуцца ў вёску Белая, яна паспела пажыць у Сургуце і Маскве. Але з мужам Сяргеем пазнаёмілася тут, на зямлі продкаў. Праўда, тады яны і падумаць не маглі, што іх так зблізіць агульнае захапленне прыродай. Праз шмат гадоў аказалася, што ўсё зробленае мужам і жонкай для сябе адгукнулася ў сэрцах іншых людзей - гасцей іх сядзібы, для якіх нашы героі сталі праваднікамі не толькі ў тайны свет пушчы, але і гісторыі.

- У нас у генах любоў да прыроды. Бацькі ўсё пра яе расказвалі, многае паказвалі... Спачатку мы ў яе ўлюбіліся, а цяпер улюбляем і нашых гасцей, - гаворыць з усмешкай Сяргей, які не па чутках ведае ўсе тонкасці вясковага жыцця. - Нарадзіўся ў Сібіры, але ўсё свядомае жыццё пражыў на Палессі. Добра ведаю, што такое лес, рэчка, як на сенажаці трэба працаваць. У горадзе ніколі не хацеў жыць. Калі сюды перабраўся, то адразу акрэсліў для сябе кола задач. Абзавяліся гаспадаркай: коні, каровы, свінні, козы, куры, гусі.
Сыноў, а іх у пары тры, таксама з дзяцінства прывучалі да працы на зямлі. Калі ў сядзібе госці, якіх трэба суправаджаць, то хлопцы заўсёды справяцца з гаспадаркай. У дзяцей узнікла цікавасць да сельскага побыту па бацькоўскім прыкладзе.
- Памятаю, прыбягуць са школы, а ў рукзаках замест зменнага абутку паўнюсенька грыбоў пушчанскіх, - усміхаецца Таццяна. - Мы, вядома, заўсёды падтрымлівалі іх цікавасць. Цяпер хоць і раз'ехаліся хлопцы - хто вучыцца, хто працуе, - але заўсёды з радасцю спяшаюцца дадому. І шмат у чым дапамагаюць. Ведаюць, як цвік прыбіць і нешта адрамантаваць.
- А мама стараецца іх частаваць прысмакамі, - усміхаецца Сяргей. - У нас усё сваё: мяса, каўбасы, сыры, тварог, масла, яйкі. Калі аўталаўка да вёскі не даязджае, то мы галоднымі не застаёмся. Дзецям з радасцю сумку з вясковымі пачастункамі збіраем, каб яны там не глядзелі на гарадскія сасіскі. Сваё куды смачнейшае - гэта вам любы вясковец скажа!

На пытанне аб плюсах вясковага жыцця муж і жонка ў адзін голас адказваюць: куды прасцей назваць мінусы. Станоўчых бакоў не пералічыць.
- Нават асфальтаваная дарога тут ёсць. Засталося ўсяго пяць-шэсць кіламетраў пракласці да Каменюкоў, і будзе поўны парадак, - адзначае Таццяна. - Самае галоўнае - спакой, мы адчуваем сябе ў поўнай бяспецы. Дом ніколі не зачыняем: як кажуць, заходзьце, размяшчайцеся. Нашы госці часам здзіўляюцца, бо ў горадзе прынята зачыняцца на ўсе замкі.
"За 40 хвілін смачна накормім дзесяць гасцей"
Аграсядзіба Сяргея і Таццяны існуе ўжо амаль 20 гадоў. Гаспадары з радасцю ўспамінаюць, з чаго ўсё пачыналася.
- У 2003 годзе ўбачылі ў газеце аб'яву аб тым, што той, хто мае домік у вёсцы, можа паспрабаваць сябе ў такім цікавым напрамку, як аграэкатурызм. Вырашылі: чаму не рызыкнуць?! З хваляваннем запрашалі гасцей, хоць раней часта прыязджалі сябры і знаёмыя, з якімі мы хадзілі ў лес па грыбы ды ягады. Але каб людзі плацілі грошы - да гэтага трэба было прывыкнуць, - прыгадвае Таццяна. - Цяпер можам прыняць 10 гасцей і праз 40 хвілін іх смачна накарміць. Многія здзяўляюцца, як мы так хутка спраўляемся.
З часам муж і жонка сталі ўдзельнічаць у розных праектах. У час аднаго з іх на тэрыторыі сядзібы з'явілася кузня. На яе будаўніцтва спатрэбілася 125 тон каменя і 6 тон цэменту.
- Прыняць удзел у гэтым праекце маглі толькі 17 сядзіб па ўсёй краіне. Мы рызыкнулі і падалі заяўку. А праз некаторы час прыйшло паведамленне: вы перамаглі! - успамінае Сяргей. - Кузня дзейнічае і сёння, у ёй праводзяцца майстар-класы па каванні. Папаўняем яе экспазіцыю, многае нам прывозілі госці са словамі: хочам, каб у вас захоўвалася, так у рэчаў будзе жыццё і памяць.

Прасы, латуневыя шалі, газавыя лямпы, грамафоны, старадаўнія ручнікі і вышыванкі... У кожнага экспаната ў сядзібе свая гісторыя, а разам яны ствараюць сапраўдны музей народнага побыту.
- Суседні дом планавалі разабраць і збыць пад дачу. Напэўна, у той момант нас ногі самі прывялі да яго гаспадыні. Бабуля не задумваючыся згадзілася нам гэты дом прадаць: яна вельмі хацела, каб ён застаўся ў цэласці і захаванасці. Калі пачалі прыбірацца там на паддашку, знайшлі шмат цікавага. Напрыклад, старадаўні самавар, якому больш за 130 гадоў, а ён у рабочым стане, - расказаваеТаццяна. - А яшчэ - пісьмы з фронту, упакаваныя ў чыгунныя гаршкі, прыкрытыя газетамі і пасыпаныя мелам. На жаль, частка з іх прамокла пад дажджом, калі дах быў разабраны, а вось астатняе ўдалося захаваць.
Ды і ў дома гісторыя, можна сказаць, кінематаграфічная. Пабудаваны аж у 1929 годзе і захаваўся да нашых дзён, па шчаслівай выпадковасці ўцалеўшы нават у вайну. Справа была так: нямецкі афіцэр закахаўся ў дзяўчыну, якая жыве па суседстве, і забараніў спальваць гэтыя будынкі. Калісьці ў доме нават размяшчалася школа.
Чым яшчэ здзіўляюць гаспадары сядзібы сваіх гасцей, дык гэта пушчанскімі далікатэсамі. Таццяна прызнаецца: любоў да поварскага майстэрства перадалася ёй па спадчыне ад маці, якая ў 1960-я працавала поварам у адным з казахскіх рэстаранаў.
- Яна думала, што будзе падсобнай рабочай. Але дырэктар убачыла кулінарныя здольнасці маці і адразу адправіла на курсы. Ёй заўсёды вельмі падабалася гатаваць, толькі маленькай я не надавала значэння яе расказам. Напрыклад, у мамы былі свае правілы вымярэння: кавалак мяса ад кончыкаў пальцаў да канца далоні важыў 120 грамаў. А яшчэ так хутка чысціла бульбу, што ў рэстаране ўсе кідалі свае справы і глядзелі, як па-майстэрску яна гэта робіць. Мне перадаліся многія яе веды, - гаворыць Таццяна Ісаева і ўдакладняе, што гасцей заўсёды хочацца здзівіць мясцовай кухняй: - Калі ёсць бульба, то з яе можна прыгатаваць вялікую колькасць страў. Пачынаючы ад варэнікаў і заканчваючы італьянскай піцай, якая па-беларуску называецца "Картапляны ласкут".
"Ці ёсць у вас коцік з вялізным ашыйнікам?"
У сядзібу Сяргея і Таццяны прыязджаюць госці з розных рэгіёнаў краіны і нават з замежжа. Муж і жонка прызнаюцца: калі ўспомніць усе забаўныя выпадкі, якія адбываліся ў пушчы з наведвальнікамі, то атрымаецца сабраць цэлую кнігу гумарыстычных апавяданняў. І будуць яны аб гараджанах, якія сутыкнуліся з сельскім побытам і дзікай прыродай.
- Выпадкаў вельмі шмат. Аднойчы разам з бацькамі прыехаў 12-гадовы хлопчык. Частуем яго малаком і пытаем: адкуль яно бярэцца? Хлопчык адказвае: з магазіна. Мы вырашылі паказаць яму нашу карову. Надаілі ў кружку малака - цёплага, свежага, смачнага... Вы не ўяўляеце, колькі захаплення было ў дзіцяці, - смяецца Сяргей Піскун. - А вось яшчэ адна гісторыя: прыехалі адпачывальнікі ў жніўні - у аленяў у гэты час шлюбны перыяд. За вячэрай чуем гучны рык. Мы ж прывыклі ўжо, а госці сядзяць, дрыжаць. Я пажартаваў: надакучылі гэтыя мядзведзі, столькі іх развялося! Пасля гэтага гадзіны дзве госці не выходзілі з дома і ўвесь час пыталі, ці зачынілі мы брамку, ці замкнулі дзверы.

- Раскажы нашу любімую гісторыю, пра кошачку, - смяецца Таццяна.
- Вядома! Жонка павезла турыстаў на экскурсію да вальераў з жывёламі, а адзін з гасцей вырашыў застацца ў сядзібе. Я пайшоў па справах. Тэлефануе гэты мужчына: ці ёсць у нас кот з вялікім ашыйнікам?! Я адказваю, што няма такога, і чую ў трубцы кароткія гудкі... Вярнуўшыся, назіраю карціну: дом зачынены, фіранкі на вокнах завешаны. Стукаю - ніхто не адчыняе, - расказвае ён. - Агледзеўся вакол - шмат слядоў рысі. Яна да нас у госці прыходзіла, а госць падумаў, што ў нас такі вялізны коцік жыве…
- У нас тут міграцыя рысі праходзіць. Польскія вучоныя надзелі на адну ашэйнік, яна часта да нас зазірала, бо меж для яе не існуе. Вось яе і ўбачыў наш адпачывальнік. А што, прыгожая ж кошачка, - падміргвае мужу Таццяна. - Да нас часта алені заходжваюць, асабліва восенню, каб паласавацца яблыкамі, падабраць чаго на агародзе. Раніцай выходзіш на вуліцу, а зямля стаптана. Мы і не супраць, у лесе жывём - гэта іх тэрыторыя.
- Як думаеце, што агульнага ў людзей, якія жывуць у Белавежскай пушчы? - цікавімся ў нашых герояў.
- Яны ўсе любяць прыроду! Мая мама часта паўтарала: кіту мілая вада, а сланісе - лес. Так і людзі, якія выраслі ў акружэнні прыроды, не ўяўляюць сваё жыццё ў горадзе, - адказвае Таццяна. - Наш інтарэс - лес, які можна бясконца пазнаваць, адпачываць у ім, слухаючы птушак, працаваць, збіраючы яго дары, і, вядома ж, расказваць іншым пра яго непаўторнае хараство.
Сяргей прадоўжыў справу свайго дзеда - ён таксама займаўся кавальскім рамяством. А Таццяна, як яе дзядуля, захапляецца пчалярствам, прычым на прафесійным узроўні - у яе дыплом аграрнага каледжа.
Сяргей Піскун і Таццяна Ісаева стварылі ў вёсцы Белая сапраўдны музей народнага побыту. У іх экспазіцыі сотні экспанатаў з розных куткоў краіны. Многія прадметы гаспадарам сядзібы прывозяць у падарунак іх госці, каб захаваць памяць.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Марына ВАЛАХ, фота - Вадзім ЯКУБЁНАК