Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2021, 09:57

У наяўнасці спроба калектыўнага Захаду ўхіліцца ад адказнасці за генацыд беларускага народа - сенатар

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У наяўнасці спроба калектыўнага Захаду ўхіліцца ад адказнасці за развязванне генацыду беларускага народа, заявіў БЕЛТА член Савета Рэспублікі, прарэктар па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Алег Дзячэнка.

"22 чэрвеня 1941 года - сумная дата ў гісторыі беларускага народа. Вераломны напад гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў прывёў не толькі да татальнага разбурэння эканомікі нашай краіны. Супраць мірнага насельніцтва пачаўся вельмі жорсткі тэрор, які ўражвае сваімі маштабамі. На акупіраваных тэрыторыях 9,2 тыс. беларускіх вёсак былі спалены нацысцкімі карнікамі, у тым ліку звыш 5 тыс. - разам з жанчынамі, старымі і дзецьмі. Фактычна ў кожным раёне нашай рэспублікі ёсць свая Хатынь і свае Боркі - свяшчэнныя месцы смутку і болю беларускага народа. Уся зямля пакрыта мемарыяламі, адзіночнымі і брацкімі пахаваннямі. Дэмаграфічныя наступствы гэтай трагедыі адчуваюцца да гэтага часу, праз шмат дзесяцігоддзяў пасля заканчэння вайны", - нагадаў сенатар.

Паводле яго слоў, карпатлівая праца па захаванні і ўвекавечанні гістарычнай памяці аб трагедыі Вялікай Айчыннай вайны ніколі не спынялася. Ідзе работа з дакументамі архіваў, фіксуюцца ўспаміны відавочцаў тых страшэнных падзей. "Выяўляюцца і дакументуюцца ўсё новыя і новыя факты злачынстваў нацысцкіх карнікаў супраць мірнага насельніцтва, устанаўліваюцца месцы пакаранняў смерцю і пахаванняў ахвяр беларускага халакосту. Вясной гэтага года толькі ў адной з вёсак Магілёўскага раёна мы выявілі пяць раней невядомых адзіночных пахаванняў мясцовых сялян, расстраляных нямецкімі катамі ў ліпені 1942 года. А такіх жа месцаў сотні. На жаль, не ўсе ваенныя злачынцы атрымалі заслужанае пакаранне за свае ўчынкі. Многія з іх схаваліся на блізкім і далёкім Захадзе, дзе так званыя развітыя дэмакратыі пад рознымі надуманымі падставамі і звярнуўшыся да юрыдычнай казуістыкі ўзялі іх пад абарону", - лічыць Алег Дзячэнка.

Ён упэўнены, што сёння мы зноў сутыкнуліся з вераломствам і крывадушнасцю калектыўнага Захаду. "Звярніце ўвагу: як толькі Беларусь на афіцыйным узроўні заявіла аб падрыхтоўцы дакументаў для накіравання ў міжнародны трыбунал доказаў, дастатковых для афіцыйнага прызнання генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, на Захадзе пайшла цалкам прадказальная рэакцыя - інфармацыйна-псіхалагічная вайна і ўвядзенне эканамічных санкцый. Але мы добра памятаем, што 80 гадоў таму менавіта "аб'яднаная Еўропа" таго часу на чале з нацысцкай Германіяй развязала татальную вайну супраць нашага народа. Гісторыя паўтараецца, - адзначыў сенатар. - Заходнія палітыкі сёння не любяць гэта ўспамінаць, таму заварушыліся і з падачы новых калабарацыяністаў спрабуюць змяніць парадак дня, развязаўшы чарговую гібрыдную вайну супраць народа Беларусі, прымяняючы эканамічныя санкцыі, блакіруючы авіязносіны і распаўсюджваючы дэзынфармацыю аб нашай краіне. У наяўнасці спроба калектыўнага Захаду ўхіліцца ад адказнасці за развязванне генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пазбегнуць сур'ёзных кампенсацый сем'ям ахвяр беларускага халакосту".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі