Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 лютага 2024, 11:31

"У моды бывае пачуццё гумару". Малады дызайнер стварае іранічныя калекцыі адзення

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У скарбонцы маладога дызайнера Веры Комлік ужо нямала прафесійных перамог і ўзнагарод. Яе фэшн-кар'ера пачалася ў 2019 годзе з паказу на фестывалі "Млын моды" калекцыі "Чорная пятніца", дзе кожны вобраз з іранічнымі ноткамі быў натхнёны работамі вядомых поп-арт мастакоў.

"Мода мае свой пасыл, а часам нават пачуццё гумару. Усё ж такі эпатаж, жаданне вылучыцца, прыцягнуць увагу - галоўныя задачы мадэльера пры стварэнні арыгінальнага дызайну. Мая калекцыя "Чорная пятніца" была прысвечана спажывецкаму стаўленню да жанчын. Не ставіла задачу драматызаваць становішча маіх сучасніц, проста хацелася пасмяяцца над распрадажнай эйфарыяй і падтрымаць тых, хто не баіцца падкрэсліць сваю індывідуальнасць, - тлумачыць малады дызайнер. - Таму ўзяла газетныя выразкі, плакаты. Вастрыні дадалі рэкламныя слоганы Sale, Beast choice, Hot offer, New. Глядач жарт ацаніў. І журы таксама. Я заняла тады на "Млыне моды" першае месца ў катэгорыі "жаночае адзенне".

Бацькі Веры рана заўважылі, што іх дачка - творчы чалавек. Кожны дзень яна спісвала і размалёўвала стосы паперы, штосьці майстравала і прыдумвала. Для цікаўнай дзяўчынкі маляванне стала не проста хобі, а любімай справай. Таму і адправілі яе вучыцца ў гімназію-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка. А пасля 11-га класа - у Інстытут сучасных ведаў імя А.М. Шырокава, дзе Вера вучылася дызайну касцюма. Пасля была ўжо магістратура Універсітэта падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

"Там мне пашанцавала пазнаёміцца з адным з лепшых спецыялістаў па касцюме ў нашай краіне - Марыяй Мікалаеўнай Віннікавай, і дзякуючы ёй асвоіць беларускі традыцыйны касцюм. Я напісала магістарскую дысертацыю па выкарыстанні мастацка-канструктыўных асаблівасцей беларускага традыцыйнага касцюма Заходняга Палесся ў сучасным дызайне адзення", - расказвае дызайнер.

Увасабленнем гэтай навуковай працы стала яе новая калекцыя "Ніць асновы". І цяперашнюю калекцыю Вера распрацоўвала, паглыбіўшыся ў асаблівасці стварэння беларускага традыцыйнага касцюма.

"Нашы прабабулі прытрымліваліся прамалінейнага крою, безадходнага і рацыянальнага. Фарміраванне агульнага сілуэта дасягалася не за кошт вытачак або складаных чляненняў дэталей адзення, як сёння, а пры дапамозе зборак і складак", - тлумачыць яна запазычаныя ў продкаў і прымененыя ў сваёй калекцыі тэхнікі.

Абавязковы складнік беларускага нацыянальнага касцюма - лён. Нашы продкі любілі яго не толькі таму, што ён цудоўна захоўвае цяпло. Лён лічылі Свечкай Божай і выкарыстоўвалі ў многіх абрадах. Працэс вырабу льнянога палатна ў нашых прабабуль быў няпростым, з мноствам працаёмкіх аперацый. Пасля вырошчвання, збору і высушвання гэтай культуры яе трэба было прамяць, патрапаць і выпрасці з дапамогай верацяна і калаўрота. Іншая рэч сёння, калі вытворчасць такой тканіны поўнасцю механізавана і аўтаматызавана. І афарбаваць яе можна ў любы колер. А таму дызайнерам ёсць дзе разгуляцца на "льняным полі".

"Хачу падкрэсліць, што не імкнулася да капіравання або цытавання. Мая калекцыя - сучасная аўтарская інтэрпрэтацыя народнага касцюма. Аднак хацелася, каб у ёй счытваўся культурны код беларусаў, які не памяняўся з ранейшых часоў", - адзначае наша гераіня.

У кастрычніку дызайнер зноў гатова гучна нагадаць пра сябе, прадставіўшы калекцыю адзення паводле матываў беларускага традыцыйнага касцюма. Задоўга да прэм'ернага паказу мы ўбачылі першыя мадэлі.

На погляд Веры Комлік, індывідуальны почырк беларускай школы дызайну адзення можна ўбачыць, наведаўшы фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "ТэкСтыльны букет". На ім выстаўляюць свае работы майстры з розных краін. Па беларускай тэматыцы рэгулярна праводзяць паказы Нацыянальная школа прыгажосці, прыватныя дызайнеры. На тым жа "Млыне моды" нязменна прысутнічаюць калекцыі, прысвечаныя нашаму айчыннаму стылю і традыцыям.

Апошнім часам Веры часта задаюць пытанні аб тым, наколькі жорсткая канкурэнцыя ў гэтай сферы сярод яе беларускіх калег.

"Канкурэнцыя - галоўная рухаючая сіла любой сферы дзейнасці. І дызайн адзення - не выключэнне. Хтосьці можа запярэчыць, што аўтар стварае прадукт, кіруючыся ў першую чаргу ўласным натхненнем, - гаворыць яна. - Але ў сучасных умовах нам даводзіцца тварыць, пастаянна азіраючыся па баках. Сварыцца з кімсьці, біцца або перагрызці некаму горла - не мая стратэгія. Канкурэнцыя робіць нас мацнейшымі. Сама работа павінна гаварыць за аўтара, а не аўтар за работу. Трэба імкнуцца быць першай, вучыцца паказваць сваю ідэю з больш выгаднага боку і не баяцца эксперыментаваць".

Вера Комлік - чарговая гераіня нашага праекта "Беларусы ў кадры". Мы пагаварылі з ёй аб тым, ці ёсць будучыня ў нашых дызайнераў адзення, і што з куфраў нашых прабабуль можа быць модным і цяпер.

Кожны тыдзень у газеце "7 дней" і на сайце БЕЛТА мы глядзім на свет вачамі простых беларусаў, якія шчыра любяць сваю справу, сям'ю і краіну. Усе нашы героі ўнікальныя, але іх аб'ядноўвае адно - вернасць сабе і зямлі, дзе яны жывуць.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі