24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску прынеслі прысягу 35 маладых пракурорскіх работнікаў з розных рэгіёнаў краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Урачысты рытуал прынясення прысягі асобамі, якія ўпершыню паступілі на службу ў органы пракуратуры Беларусі, адбыўся на плошчы Дзяржаўнага сцяга.
Як адзначыў у размове з журналістамі генпракурор Андрэй Швед, сёння ў пракуратуры, як і ў любой структуры, якая прызначана абараняць закон і парадак, асноўнае патрабаванне - вернасць сваёй краіне. "Абстаноўка такая, і мы павінны ўлічваць падзеі жніўня 2020 года, што выпадковых людзей быць на дзяржслужбе не павінна. Гэта людзі, якія сапраўды павінны разумець адказнасць, разумець тое, што ад кожнага з іх залежыць дабрабыт і спакой на нашых вуліцах, у нашых сем'ях, нашых дамах", - сказаў ён.
Паводле слоў генпракурора, "сёння не месца здраднікам, пустасловам, двурушнікам". "Кожны, хто прыходзіць на службу ў органы пракуратуры, як і ў любую іншую структуру, праходзіць спецыяльную праверку. Людзі разумеюць, на што яны ідуць", - звярнуў ён увагу.
Андрэй Швед адзначыў, што маладыя работнікі ўсвядомлена прыйшлі служыць. Іх жыццё падзялілася на дзве часткі - да і пасля гэтага дня. "Прысяга - гэта не проста словы. Гэта маральны абавязак перад усімі намі, перад роднымі, блізкімі адказна выконваць свой абавязак, - сказаў ён. - Як бы ні склалася далейшае жыццё, якія б ні былі абставіны, калі кожны з нас будзе сумленна і правільна працаваць, ніхто нас ніколі не зламае і не пераможа".
Генпракурор упэўнены, што моладзь, якая сёння прыняла прысягу, разумее ўсю адказнасць. "Я ўпэўнены, што ў іх ёсць разуменне той адказнасці, якая ўскладзена на сістэму органаў пракуратуры", - рэзюмаваў ён.-0-