Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 чэрвеня 2018, 17:16

У Мінпрыроды растлумачылі, як дзейнічаць пры выяўленні "чырванакніжнікаў"

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае аб парадку дзеянняў пры выяўленні дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Меляшкова.

Мінпрыроды арганізуе работу па выяўленні і ўліку мясцін, якія насяляюць дзікія жывёлы і (або) на якіх сустракаюцца дзікарослыя расліны, што адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі. Парадак арганізацыі гэтай работы зацверджаны пастановай Савета Міністраў ад 18 мая 2009 года нумар 638. Гэты парадак не распаўсюджваецца на культывуемыя расліны і дзікіх жывёл, што разводзяцца ў няволі.

Грамадзяне, якія ўстанавілі месца, якое насяляюць дзікія жывёлы і (або) на якіх сустракаюцца дзікарослыя расліны, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку на зямельным участку, што знаходзіцца ў іх у прыватнай уласнасці, павінны праінфармаваць аб гэтым тэрытарыяльны орган Мінпрыроды. Супрацоўнікі ведамства сумесна са спецыялістамі навуковых арганізацый выедуць на месца, каб пацвердзіць прыналежнасць названага віду да рэдкіх і знікаючых, а таксама пры неабходнасці аформіць пашпарт такога месца. Адначасова з пашпартам афармляецца ахоўнае абавязацельства.

Ахоўнае абавязацельства ўключае пералік мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне віду дзікай жывёлы або дзікарослай расліны, у тым ліку што датычацца ўстанаўлення спецыяльнага рэжыму аховы і выкарыстання такога месца. Напрыклад, у пераліку могуць быць наступныя пункты: не праводзіць суцэльныя высечкі галоўнага карыстання, праводзіць гаспадарчыя мерапрыемствы пераважна ў зімовы перыяд года, не праводзіць гідрамеліярацыйныя і земляныя работы, якія змяняюць ландшафт і інш.

На сёння ў спісы рэдкіх відаў і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Беларусі, уключана 202 віды дзікіх жывёл і 303 віды дзікарослых раслін. Гэтыя спісы зацверджаны пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 9 чэрвеня 2014 года нумар 26.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі