Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 снежня 2019, 10:49

У Мінпрацы расказалі, хто можа разлічваць на павелічэнне дапамог па беспрацоўі ў першую чаргу

23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве працы і сацабароны не першы год абмяркоўваецца пытанне аб павелічэнні памеру дапамог па беспрацоўі. У інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" кіраўнік ведамства Ірына Касцевіч расказала, якія катэгорыі грамадзян могуць разлічваць на гэта ў першую чаргу, паведамляе БЕЛТА.

"Цяпер мы рыхтуем праект закона аб унясенні змяненняў у закон аб занятасці. Выходзім з ініцыятывай павялічыць дапамогі, у прыватнасці беспрацоўным з тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Другая катэгорыя - гэта людзі ва ўзросце 50+, якім сапраўды складана канкурыраваць", - расказала Ірына Касцевіч. Яна дадала, што людзі старэйшыя за 50 гадоў у сярэднім шукаюць работу адзінаццаць месяцаў. Гэта даволі вялікі тэрмін, лічыць міністр, таму гэтых людзей трэба фінансава падтрымаць.

Сітуацыю на рынку працы ў краіне Ірына Касцевіч назвала даволі стабільнай. "Па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы ўзровень беспрацоўя складае 3,9 працэнта. Па міжнародных стандартах гэта даволі нізкі ўзровень. Калі гаварыць аб узроўні занятасці, то ён расце і сярод асоб працаздольнага ўзросту складае амаль 84 працэнты", - удакладніла яна.

Расце і колькасць ствараемых рабочых месцаў. Лідзіруе тут сфера паслуг (у структуры новых рабочых месцаў на яе прыпадае каля 70 працэнтаў ад агульнай колькасці). Міністр канстатавала рост попыту на рабочую сілу. Дарэчы, Мінпрацы задачай на наступны год вызначыла больш працаваць з наймальнікамі, у якіх немалая колькасць вакансій. "Можа, гэта будуць нейкія праграмы, пакеты па падборы кадраў канкрэтным прадпрыемствам для працаўладкавання", - заўважыла Ірына Касцевіч.

Не абмінулі ў інтэрв'ю і тэму павелічэння пенсійнага ўзросту. У міністра спыталі, ці падлічваўся эканамічны эфект ад павышэння, якое ўжо адбылося. Ірына Касцевіч звярнула ўвагу, што павышэнне пенсійнага ўзросту на фоне старэння насельніцтва - гэта перш за ўсё магчымасць утрымаць колькасць людзей працаздольнага ўзросту. "Гэта стабілізацыя сітуацыі з самім фондам (не скарачэнне яго даходнай часткі) і, вядома ж, змякчэнне дэфіцыту рабочай сілы на рынку працы", - растлумачыла міністр. Павышэнне пенсійнага ўзросту дае магчымасць штогод павышаць пенсіі. "Калі мы гаворым пра 2019 год, то сярэдняя пенсія за лістапад (па ўзросце) склала Br446. Яна павялічылася ў параўнанні з мінулым годам больш як на Br50. Калі гаварыць у працэнтах, то тэмп росту склаў больш як 113 працэнтаў", - адзначыла кіраўнік Мінпрацы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі