Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 студзеня 2021, 19:51

У Міністэрстве аховы здароўя расказалі, якія бальніцы Беларусі вяртаюцца да звычайнага рэжыму работы

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве аховы здароўя расказалі, якія бальніцы Беларусі вяртаюцца да звычайнага рэжыму работы, паведамляе БЕЛТА.

"На бягучым тыдні ў рэгіёнах Беларусі паступова паляпшаецца эпідэміялагічная абстаноўка. Некаторыя аддзяленні бальніц пачынаюць працаваць у звычайным рэжыме. Аднак, як адзначаюць спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, да перапрафілявання ў абласцях падыходзяць узважана, бо ў лютым штогод адзначаецца сезонны ўздым захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі", - расказалі ў прэс-службе ведамства.

Мінск

З 25 студзеня адкрываюцца для профільнага прыёму пацыентаў гарадская гінекалагічная бальніца, радзільны дом нумар 2, а таксама 11-я бальніца. Плануецца, што ў 11-й бальніцы будуць адкрыты месцы для праходжання рэабілітацыі (185 ложкаў). Акрамя таго, з 25 студзеня ў 4-й бальніцы маюць намер адкрыць 60 ложкаў уралагічнага аддзялення. У планах таксама пераход на звычайны рэжым работы з 1 лютага аддзяленняў 1-й гарадской бальніцы: кардыялогія, нефралогія, рэаматалогія, эндакрыналогія. Таксама плануецца, што ў гэты ж час адкрыецца гарадскі цэнтр астэапарозу.

Брэсцкая вобласць

У гэтым рэгіёне поўнасцю прайшлі дэзынфекцыю і аднавілі работу ў звычайным рэжыме цэнтральныя раённыя бальніцы Жабінкаўскага, Камянецкага і Маларыцкага раёнаў.

Віцебская вобласць

З 18 студзеня аднавілі работу ў звычайным рэжыме 86 ложкаў у цэнтральных раённых бальніцах. З 21 студзеня поўнасцю працуе ў штатным рэжыме Віцебскі абласны спецыялізаваны цэнтр. З 25 студзеня аднаўляе работу Віцебскі абласны клінічны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Гродзенская вобласць

У рэгіёне ідзе перапрафіляванне ложкаў, падрыхтаваных для кавідных пацыентаў. Да звычайнага рэжыму работы вяртаецца Гарадская клінічная бальніца нумар 3 Гродна. Цяпер тут праводзяцца дэзынфекцыйныя і падрыхтоўчыя мерапрыемствы. Працаваць у звычайным рэжыме клініка будзе з 22 студзеня. Прымаць пацыентаў пачнуць неўралагічнае, тэрапеўтычнае, кардыялагічнае і псіханеўралагічнае аддзяленні. Цяпер у рэгіёне для звычайнага рэжыму работы перапрафілявана больш за 300 ложкаў.

Гомельская вобласць

З 21 студзеня вяртаецца да звычайнага рэжыму аддзяленне паталогіі цяжарнасці Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы нумар 1. Далей прадугледжана паэтапнае перапрафіляванне ўсёй установы (385 ложкаў). З 22 студзеня аднаўляе работу ў звычайным рэжыме кардыялагічнае аддзяленне (на 30 ложкаў) у Мазырскай гарадской бальніцы.

Магілёўская вобласць

На бягучым тыдні праходзіць дэзынфекцыю і з 24 студзеня плануе прымаць профільных пацыентаў Магілёўская абласная клінічная бальніца. Таксама на бягучым тыдні Бабруйскі міжраённы анкалагічны дыспансер будзе праводзіць мерапрыемствы па вяртанні да звычайнага рэжыму работы.

Мінская вобласць

На бягучым тыдні да звычайнага рэжыму работу паступова плануе вяртацца Валожынская цэнтральная раённая бальніца - першае аддзяленне на 20 ложкаў праходзіць дэзынфекцыю. Таксама адкрываюцца першыя профільныя (100 ложкаў) аддзяленні ў Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. А з 29 студзеня плануецца адкрыць для планавага прыёму першыя 20 ложкаў у Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы.

Акрамя таго, плануецца перапрафіляваць пасля работы з COVID-19 і першыя аддзяленні ў Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы ў Атоліне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі