Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 снежня 2018, 19:34

У Мінбудархітэктуры расказалі аб дадатковых мерах дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка ў прэс-цэнтры БЕЛТА расказаў аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля, прадугледжаных указам нумар 474 "Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў".

Нормы гэтага дакумента дапаўняюць дзеючыя ўказы нумар 13 і нумар 240, якія прадугледжваюць прадастаўленне дзяржпадтрымкі грамадзянам пры жыллёвым будаўніцтве.

Дзецям-сіротам і прыраўнаваным да іх асобам з улікам іх асаблівага статусу павялічаны памер субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдытах, што выдаюцца на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля, з 35 працэнтаў да 50 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу. "Мы прааналізавалі практыку прымянення механізма субсідзіравання з тым, каб зняць усе шурпатасці. Гэтым людзям часта не хапала субсідый у памеры 35 працэнтаў на пагашэнне асноўнага доўгу. Вырашылі прыняць дадатковыя меры, каб вырашыць гэту праблему, дапамагчы ім у будаўніцтве жылля", - адзначыў Аляксандр Аўраменка.

У якасці дадатковых мер сацыяльнай абароны шматдзетных сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, ім прадастаўлена права на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай у першачарговым парадку па аналогіі са шматдзетнымі сем'ямі, якія маюць чацвярых і больш дзяцей. "На атрыманне жылля накіроўваюцца спачатку шматдзетныя сем'і, але шматдзетныя сем'і з чатырма і больш дзецьмі атрымліваюць жыллё яшчэ хутчэй. Да такіх сем'яў прыраўнавалі і сем'і з дзецьмі-інвалідамі. Гэтыя меры ідуць з жыцця, ад неабходнасці", - дадаў прадстаўнік міністэрства.

Указ таксама ўдакладняе, што да членаў сем'яў - атрымальнікаў ільготных крэдытаў, аднаразовых субсідый належаць іх дзеці ва ўзросце да 23 гадоў, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, - па аналогіі з дзецьмі, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу па прызыве. Згодна з законам "Аб альтэрнатыўнай службе" з 1 ліпеня 2016 года разам з тэрміновай ваеннай службай па прызыве прадугледжана альтэрнатыўная служба.

Указ нумар 240 аб адрасным субсідзіраванні ў жыллёвым будаўніцтве ўступіў у сілу 6 жніўня 2017 года. Дзяржаўныя субсідыі прадастаўляюцца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем'ям і дзецям-сіротам - таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах. Атрымальнікамі субсідый могуць быць усе грамадзяне, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі ў адпаведнасці з указам нумар 13 ад 6 студзеня 2012 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі