Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 лістапада 2024, 18:07

У кожным фота - гісторыя і ўсведамленне. Выстаўка БЕЛТА "Паралельныя светы" прадстаўлена ў БНТУ

12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка БЕЛТА "Паралельныя светы" прадстаўлена ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Экспазіцыю, а таксама выдадзеную па яе матывах кнігу "Суперпозиция. Параллельные миры" і відэаролік "Як гэта было. Спецвыпуск" прэзентавала студэнтам генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстаўка выклікала шчырую цікавасць у студэнтаў. Адно з пытанняў датычылася фатаграфіі, якая найбольш блізка гендырэктару БЕЛТА.

Ірына Акуловіч падкрэсліла, што даражыць кожнай з прадстаўленых фатаграфій. Аднак асабліва моцныя пачуцці выклікае фота, дзе адлюстраваны падзеі 9 жніўня 2020 года. Тлумачачы свой выбар, гендырэктар БЕЛТА адзначыла, што тую ноч многія супрацоўнікі агенцтва правялі на рабоце.

"Гэта фатаграфія зроблена карэспандэнтамі БЕЛТА, якія працавалі ў Мінску і здымалі, як уначы грамяць горад. У 8 гадзін раніцы, праглядаючы фатаграфіі і збіраючы іх разам, я разумела, наколькі ўсё, што адбываецца, страшна. Было разуменне, да чаго гэта можа прывесці. Але за акном ехалі машыны, адкрываліся магазіны, людзі ішлі на работу. І я разумела, што група пратэстуючых не зможа за імгненне перакрэсліць спакойнае жыццё Беларусі", - расказала гендырэктар БЕЛТА.
Выдзеліць нейкую фатаграфію складана, таму што ў аснове кожнай - свая гісторыя, лічыць студэнтка 3-га курса факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ Карына Жолудзь. Тым не менш яна паказала на тыя фота, якія кранулі яе больш, чым астатнія. Размова ідзе пра падборку здымкаў, дзе паказаны прамысловыя гіганты Беларусі. Подпісам да іх паслужыла цытата Аляксандра Лукашэнкі: "Будзе працаваць эканоміка - ніколі не будзе вайны".

Студэнтка прызналася, што гэта фраза ёй асабліва блізка. "Для мяне як будучага менеджара-эканаміста гэта сапраўды важна. Вельмі добры пасыл. Сапраўды, эканоміку трэба развіваць, каб у краіне не было ніякіх канфліктаў", - лічыць яна.

Між тым Карына Жолудзь наведвае выстаўку не ўпершыню. Раней разам з аднакурсніцай яна зацікавілася прапановай і наведала прэзентацыю экспазіцыі БЕЛТА і кнігі "Суперпозиция. Параллельные миры" ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. "Мне вельмі спадабалася кніга. Аўтар глыбока раскрыў тэму, паказаўшы беларусам, як было і як ёсць цяпер. Гэту кнігу сапраўды хочацца прачытаць", - сказала яна.
Студэнтка ўпэўнена, што выстаўка "Паралельныя светы" дазваляе гледачам думаць і параўноўваць. Бо не ўсе памятаюць падзеі, якія адбываліся некалькі дзесяцігоддзяў таму, а хтосьці тады наогул яшчэ не нарадзіўся.

Студэнт 1-га курса факультэта энергетычнага будаўніцтва БНТУ Іван Еўтушок адзначыў, што прэзентацыя прымусіла задумацца над тым, што раней нават у галаву не прыходзіла. "Тыя, хто не мае свайго пункту гледжання на тую ці іншую сітуацыю, не задаюцца пытаннямі. А такія выстаўкі падштурхоўваюць людзей фарміраваць сваё стаўленне і пункт гледжання наогул на любыя сітуацыі ў свеце, у краіне", - сказаў ён.

Адносна таго, пра што задумаўся асабіста ён, Іван Еўтушок звярнуў увагу на пасыл аб дзеяннях дзяржавы і бяздзейнасці апазіцыі. Паводле яго слоў, важна дзейнічаць, а не пасіўна ўказваць на праблемы ў надзеі, што нехта іх вырашыць. Стаяць з лапатай - не азначае вырашаць праблемы, адзначыў ён, маючы на ўвазе ўключаныя ў экспазіцыю фатаграфіі, сэнс якіх у тым, што прылады працы можна выкарыстоўваць па-рознаму.
Першакурснік гэтага ж факультэта Аляксандр Сідаровіч дадаў, што, пабываўшы на выстаўцы, усвядоміў: займацца апазіцыйнай паказухай - неэфектыўны занятак.

Выстава БЕЛТА "Паралельныя светы" на канкрэтных фактах дэманструе два светы: свет дзяржавы - стварэння і развіцця, і свет апазіцыі - разбурэння і дэградацыі. Гаворачы пра "Паралельныя светы", аўтары праекта маюць на ўвазе дзеянні дзяржавы і бяздзейнасць апазіцыі ці яе дзеянні, накіраваныя на разбурэнне.

Аўтар тэкстаў кнігі "Суперпозиция. Параллельные миры" - кіраўнік аналітычнага цэнтра ЕсооМ Сяргей Мусіенка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі