ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 17 красавіка 2021
Мінск Воблачна з праясненнямі +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 сакавіка 2021, 09:29

У "Ізумрудную сетку" ўваходзіць больш за 11 працэнтаў тэрыторыі Беларусі

Фота з архіва
Фота з архіва

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У "Ізумрудную сетку" ўваходзіць больш за 11 працэнтаў тэрыторыі Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Каранчук.

Беларусь з'яўляецца бокам Канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў пражывання ў Еўропе (Бернскай канвенцыі) з 7 лютага 2013 года. Сетка прыродаахоўных тэрыторый "Ізумрудная сетка" - механізм рэалізацыі патрабаванняў гэтай канвенцыі па-за краінамі ЕС. У гэту сетку ўключаюцца тэрыторыі, на якіх размешчаны біятопы, пражываюць віды дзікіх жывёл, растуць віды дзікарослых раслін, якія ахоўваюцца Бернскай канвенцыяй. "Цяпер у "Ізумрудную сетку" ўваходзіць 155 аб'ектаў з Беларусі на тэрыторыі 2,3 млн га, што складае 11,1 працэнта ад плошчы нашай краіны. Паводле папярэдняй ацэнкі чакаецца, што пасля завяршэння фарміравання гэтай сеткі ўключаныя ў яе тэрыторыі зоймуць 13-15 працэнтаў плошчы краіны", - сказаў Віталь Каранчук.

У склад "Ізумруднай сеткі" ўключаны прыродныя тэрыторыі, якія падлягаюць асаблівай ахове. На 1 студзеня 2021 года існуючая ў Беларусі сістэма ААПТ уключала 1307 аб'ектаў, у тым ліку Бярэзінскі біясферны запаведнік, 4 нацыянальныя паркі, 99 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 282 заказнікі мясцовага значэння, 326 помнікаў прыроды рэспубліканскага і 595 - мясцовага значэння. Такія тэрыторыі займаюць больш за 1,8 млн га, або 9 працэнтаў плошчы краіны. "За 2018-2020 гады плошча ААПТ павялічылася на 67,5 тыс. га - гэта больш, чым тэрыторыя нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры". Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі выступаюць своеасаблівымі донарамі расліннага і жывёльнага свету для ўсёй краіны. Для ўстойлівай сувязі іх паміж сабой, забеспячэння бесперапыннасці асяроддзя пражывання аб'ектаў жывёльнага свету зацверджана схема нацыянальнай экалагічнай сеткі", - адзначыў прадстаўнік Мінпрыроды.

"Беларускія асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі прызнаны на міжнародным узроўні. Частка нацыянальнага парку "Белавежская пушча" - аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Нацыянальны парк "Белавежская пушча" і Бярэзінскі біясферны запаведнік узнагароджаны еўрапейскім дыпломам асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Савета Еўропы", - звярнуў увагу Віталь Каранчук.

У "Ізумрудную сетку" таксама ўвайшлі прыродныя тэрыторыі, якія падлягаюць спецыяльнай ахове. Па стане на 31 снежня 2020 года, выяўлены і перададзены пад ахову карыстальнікам зямельных участкаў і водных аб'ектаў 622 біятопы, 1758 месцаў пражывання і 2265 местаў росту чырванакніжных відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі