Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 жніўня 2024, 21:51

У Івацэвічах урачыста адкрылі XXXI Дзень беларускага пісьменства

 

31 жніўня, Івацэвічы /Кар. БЕЛТА/. У Івацэвічах урачыста адкрылі XXXI Дзень беларускага пісьменства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Галоўны пасыл гэтага свята - "Час выбраў нас". Намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка зачытаў віншавальны адрас кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам і гасцям XXXI Дня беларускага пісьменства.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык адзначыў, што Брэсцкая вобласць пяты раз стала гаспадыняй свята асветы. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што гэта асабліва пачэсна ў год, калі Брэстчына адзначае сваё 85-годдзе. "Нам прыемна сустракаць літаратараў, вучоных, дзеячаў культуры, усіх гасцей, якія сабраліся на гэтай цудоўнай палескай зямлі, каб выказаць павагу да роднага слова і нашай духоўнай спадчыны. Жыхарам Брэстчыны таксама ёсць што паказаць і падзяліцца сваімі багатымі культурнымі традыцыямі. У нас кожны раён, пасёлак, вёска маюць свой асаблівы каларыт, свае самабытныя абрады, таленавітых землякоў, якія праслаўляюць родныя мясціны", - сказаў ён.
Пётр Пархомчык дадаў, што жыхары раёна цэняць свой здабытак і беражліва яго захоўваюць. "Паколькі духоўная культура - гэта той фундамент, на якім мы будуем сваё жыццё, ствараем дабрабыт, умацоўваем сваю незалежнасць. І наша агульная задача - захаваць і перадаць падрастаючаму пакаленню нашы нацыянальныя каштоўнасці, не страціць цікавасць да кнігі і літаратурнага слова. Упэўнены, што XXXI Дзень беларускага пісьменства ўпіша яшчэ адну значную старонку ў слаўную біяграфію брэсцкай зямлі і нашай Беларусі, надасць новы імпульс развіццю творчасці і ўсёй айчыннай духоўнай культуры", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Удзельнікаў і гасцей Дня пісьменства павіншаваў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён звярнуў увагу, што глыбінная сутнасць гэтага свята мае непасрэдныя адносіны да слова. "Слова, мова, пісьменнасць спрадвеку з'яўляюцца выключным дарам Божым чалавеку. Усе мы павінны арыентавацца на самы вышэйшы змест слова, якое выяўляе самасвядомасць нашага народа, сукупны вопыт мінулага і планаванне будучага. А тут ад нас патрабуецца як мага больш адказнасці за ўсё, што адбываецца. Якраз у сувязі з асноўным сэнсам свята мы лічым патрэбным звярнуць увагу на чысціню і асэнсаванасць кожнага нашага слова - і пісьмовага, і таго, якое зыходзіць з нашых вуснаў", - заўважыў уладыка.

Адным з хвалюючых момантаў вечара стала цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія".

У цэлым арганізатары падрыхтавалі яркі канцэрт, у якім адлюстравалі старонкі гісторыі і сучаснасць нашай краіны, мужнасць, працавітасць і таленавітасць беларусаў. На сцэне сваёй творчасцю радуюць як артысты, якія палюбіліся публіцы, так і юныя зорачкі.

Дзень пісьменства прадоўжыцца 1 верасня. Будуць працаваць тэматычныя выстаўкі, прэзентацыі, інтэрактыўныя пляцоўкі. Урачыстая цырымонія закрыцця пройдзе на галоўнай сцэне. Пачатак намечаны на 14.00. Адбудзецца перадача вымпела гораду, які прыме Дзень беларускага пісьменства ў 2025 годзе.-0-

Фота Надзеі Касцецкай
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі