Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 чэрвеня 2022, 11:38

У Гомельскай вобласці 140 інвестпраектаў уключаны ў пералік для рэалізацыі да 2025 года

28 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. У Гомельскай вобласці сфарміраваны пералік са 140 інвестыцыйных праектаў па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, запланаваных да рэалізацыі да 2025 года. Аб гэтым паведаміў 27 чэрвеня на пасяджэнні Гомельскага аблвыканкама намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Канюшка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасяджэнні размова ішла аб выкананні ў рэгіёне даручэння кіраўніка дзяржавы па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей у цяперашняй пяцігодцы. Як было адзначана, стаіць задача стварыць на кожнай тэрыторыі не менш як 1-2 новыя перспектыўныя прадпрыемствы, вытворчасці з колькасцю работнікаў ад 100 чалавек. Гэта дасць магчымасць знізіць залежнасць эканомікі вобласці ад работы буйных прамысловых прадпрыемстваў.

"На 24 чэрвеня пералік Гомельскай вобласці ўключае 140 інвестыцыйных праектаў, якія прадугледжваюць стварэнне ў пяцігодцы 7043 рабочыя месцы", - праінфармаваў Андрэй Канюшка. Агульная сума ўкладанняў ацэньваецца ў памеры Br2,9 млрд.

Сярод праектаў - 74 асноўныя, "якарныя" з аб'ёмам укладанняў амаль Br2 млрд. Калі гаварыць аб відах эканамічнай дзейнасці, у прамысловасці запланавана рэалізаваць 47 праектаў, 25 - у сельскай гаспадарцы і арганізацыях, якія абслугоўваюць АПК, 2 праекты - у іншых галінах, удакладніў Андрэй Канюшка.

Так, у Жыткавіцкім раёне для забеспячэння Тураўскага малочнага камбіната сыравінай, развіцця сыравіннай базы прадугледжана будаўніцтва трох малочнатаварных ферм з агульнай колькасцю работнікаў 115 чалавек, прывёў прыклад ён.

"Развіваць тэрыторыі трэба паступальна і пастаянна. Галоўнае, каб у раёне было разуменне, як і куды рухацца. Неабходна пастаянна працаваць па інвестыцыях, максімальна задзейнічаць увесь рэсурсны і працоўны патэнцыял", - перакананы намеснік старшыні. Сярод мэтавых задач для кіраўнікоў гаррайвыканкамаў ён назваў прапрацоўку і стварэнне імпартазамяшчальных і экспартна арыентаваных вытворчасцей, рэалізацыю праектаў на аснове распрацовак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко адзначыў: праекты, якія актуальныя, сучасныя, прымяняльныя да сучаснай геапалітычнай сітуацыі, павінны атрымаць усебаковую падтрымку.

"Неабходна знізіць уплыў буйных валаўтваральных прадпрыемстваў на эканоміку вобласці і ў цэлым умацаваць патэнцыял тэрыторый за кошт росту малых і сярэдніх прадпрыемстваў, актывізацыі прадпрымальніцкага асяроддзя", - сказаў губернатар.

Ён звярнуў увагу на сур'ёзнасць задач па развіцці ўсіх раёнаў. "У малых - гэта нарошчванне аб'ёмаў сельгаспрадукцыі і развіццё прадпрыемстваў па перапрацоўцы мясцовых сыравінных рэсурсаў. У буйных прамысловых - расшырэнне вытворчых магутнасцей на дзеючых прадпрыемствах, стварэнне кааперацыйных ланцужкоў на іх базе, імпартазамяшчальных вытворчасцей", - падкрэсліў Іван Крупко.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі