Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 кастрычніка 2020, 18:59

У дыялогу павінна зарадзіцца новая стратэгія развіцця Беларусі - Заяц

23 кастрычніка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Дыскусійныя пляцоўкі дадуць магчымасць весці дыялог і даведацца, што сёння хвалюе людзей. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц у час пленарнага пасяджэння па выніках рэгіянальных дыскусій па актуальных пытаннях развіцця краіны і рэгіёнаў "Магілёўскі дыялог", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дыскусійныя пляцоўкі дадуць магчымасць весці дыялог і даведацца, што сёння хвалюе людзей. Гэта ўсё - жыццёвыя пытанні, якія патрабуюць рэагавання, - падкрэсліў Леанід Заяц. - Мы сёння падводзім вынік работы нашых дыялогавых пляцовак, арганізаваных па ініцыятыве Прэзідэнта. На іх уздымаліся актуальныя пытанні для жыхароў нашай вобласці. Прыемна адзначыць, што людзі актыўна ўдзельнічалі, уносілі розныя прапановы".

У час работы падагульняючай дыялогавай пляцоўкі былі названы асноўныя ідэі, якія раней прапаноўваліся спікерамі на тэматычных абмеркаваннях.

На адной з дыялогавых пляцовак у Магілёве абмяркоўваліся пытанні канстытуцыйнага рэфармавання і партыйнага будаўніцтва. Сёння прагучалі прапановы ад Магілёўскай вобласці ў гэтай сферы: вызначэнне на канстытуцыйным узроўні статусу Усебеларускага народнага сходу, уключэнне Канстытуцыйнага суда ў сістэму органаў кантролю, укараненне механізму назначэння кіраўнікоў органаў выканаўчай улады і суддзяў, удасканаленне функцыянавання кантрольна-наглядных органаў, увядзенне інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека.

Як адзначыў рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дзяніс Дук, больш за ўсё паступіла прапаноў ад грамадскіх арганізацый. "Грамадскія арганізацыі правялі вялікую работу, акумулявалі ідэі і прапановы, абмеркавалі і давялі да нас у канцэнтраваным выглядзе. Што датычыцца ініцыятывы грамадзян, то больш паступіла прапаноў ад жыхароў Бабруйска і Магілёва, - адзначыў Дзяніс Дук. - Прапаноўваць нешта новае заўсёды цяжка, і гэта сур'ёзная адказнасць. Крытыкаваць заўсёды проста. На сустрэчах, нават у нашым калектыве, шмат людзей выказвалі жаданне прыняць удзел у рабоце дыялогавай пляцоўкі. Калі ж справа падыходзіць да канкрэтных дзеянняў, прапановы даходзяць або ў абмежаваным выглядзе або наогул не паступаюць. А ўжо тыя тэзісы, якія мы гатовы абнародаваць, становяцца аб'ектам пільнай увагі, і, як правіла, выказваюцца крытычныя заўвагі. Канстытуцыя як Асноўны закон дзяржавы адлюстроўвае стан развіцця грамадства на пэўным этапе і павінна змяняцца разам з грамадствам, каб адпавядаць духу часу і найбольш актуальным патрэбам грамадзян", - адзначыў рэктар ВНУ.

Наспела неабходнасць змяніць падыходы і да работы мясцовых органаў кіравання і самакіравання для дынамічнага развіцця Магілёўскай вобласці і краіны ў цэлым. "Адной з прапаноў было павышэнне самастойнасці раёнаў, падатковая і бюджэтная аўтаномія. Для гэтага прапанавана ўнесці шэраг змяненняў у падатковае і бюджэтнае заканадаўства. Абмяркоўвалася пытанне аб узмацненні ролі мясцовага самакіравання. Удзельнікі тэматычнага абмеркавання выказалі прапанову аб скасаванні сельскіх Саветаў дэпутатаў і стварэнні сельскіх адміністрацый з выбарам кіраўніка адміністрацыі праз галасаванне, - адзначыла ў час выступлення намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. - Шмат увагі ўдзельнікі дыскусій ўдзялілі пытанням пашырэння паўнамоцтваў калегіяльных і аднаасобных органаў мясцовага самакіравання, прадастаўлення ім фінансавання для вырашэння пытанняў мясцовага значэння".

Як адзначыла старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская, першапачаткова ў Слаўгарадзе планавалі правесці толькі адну дыялогавую пляцоўку, але ў выніку арганізавалі дадатковую. "Першая была настолькі поўнай і цікавай, што правялі ўчора другую па тых пытаннях, якія не паспелі разгледзець. Абмяркоўвалі пытанні тэрмінаў дзеяння паўнамоцтваў кіруючых органаў краіны, да якой сістэмы прыйсці. Сышліся на змешанай сістэме. Закранулі і тэму ўпаўнаважанага па правах чалавека, патрэбны гэты інстытут ці не. Як старшыні раённага Савета дэпутатаў мне вельмі цікава пытанне мясцовага самакіравання. І ўсе аднагалосна гавораць, што трэба пашыраць яго функцыі. Перш за ўсё даць магчымасць на месцах вырашаць пытанні без звароту па вертыкалі, у вёсцы і ў раённым Савеце. Абмяркоўвалі, што трэба зрабіць, каб малыя населеныя пункты былі прывабныя для моладзі", - адзначыла Святлана Язерская.

Паводле слоў намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара, эканоміка - адзін з важнейшых індыкатараў развіцця краіны. І гэтай сферы трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу. "Эканоміка заўсёды развіваецца ў рамках існуючага прававога поля. Задача любой дзяржавы - аператыўна рэагаваць на зменлівыя знешнія і ўнутраныя ўмовы для актуалізацыі нарматыўна-прававых актаў, якія забяспечваюць баланс інтарэсаў усіх бакоў эканамічных працэсаў. Відавочны станоўчыя бакі існуючай эканамічнай мадэлі Беларусі, толькі за апошнюю пяцігодку рэальная заработная плата па краіне вырасла ў 1,3 раза, у сусветным рэйтынгу дасягнення мэт устойлівага развіцця яна выйшла на 18-ю пазіцыю. Інфляцыя адносна 2015 года зменшылася больш як у 2,5 раза, - адзначыў Руслан Страхар. - Аднак не ўсе рэзультаты супалі з пастаўленымі задачамі. Трэба прызнаць, што не ліквідаваны асобныя бар'еры, якія стрымліваюць прадпрымальніцкую ініцыятыву, таму дзейнасць дзяржавы ў новым пяцігадовым перыядзе павінна быць накіравана на вырашэнне абазначаных праблем і зніжэнне залежнасці ад знешніх кан'юнктурных ваганняў. Важнейшая мэта ў сярэднетэрміновай перспектыве - удасканальваць спрыяльнае дзелавое асяроддзе, стабільныя, камфортныя і прадказальныя ўмовы для інвесціравання і вядзення бізнесу".

У сферы маладзёжнай палітыкі прапанавалі магчымасць перагляду падыходаў да работы з моладдзю. "Роля дзяржавы ў рабоце з моладдзю павінна заключацца ў пераглядзе падыходаў да рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. На наш погляд, чырвонай ніткай можа прайсці матывацыя да дзеяння. Усё астатняе маладыя людзі гатовы рабіць самастойна. Ад органаў улады ў гэтым выпадку неабходна толькі стварыць гэту сістэму матывацыі для рэалізацыі ўсіх маладзёжных ініцыятыў і ўласных праектаў, - адзначыў у час свайго выступлення галоўны рэдактар ​​гарадской газеты "Вестник Могилева" Павел Савельеў. - Дзяржава можа стаць своеасаблівым заказчыкам гэтых ініцыятыў, распрацаваўшы сістэму грантаў і заахвочванняў, і на конкурснай аснове прафінансаваць ініцыятыву не толькі саюза моладзі, але і іншых грамадскіх рухаў і ініцыятыў, якія часта іх арганізоўваюць за кошт грантаў, напрыклад з Еўрасаюза".

Паводле слоў Паўла Савельева, важна, каб ідэі, якія будуць прапаноўваць маладыя людзі, не ішлі ўразрэз з існуючай дзяржаўнай палітыкай. "Будзе справядліва, калі пры атрыманні такіх грантаў гэтыя ініцыятывы маладзёжных грамадска-палітычных інстытутаў не будуць ісці ўразрэз з нашымі дзяржаўнымі асновамі, паколькі я перакананы, што развіваць паспяховыя стартапы і праекты можна пры існуючай мадэлі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Гэта будзе сумленна перад усімі", - падкрэсліў ён.

Яшчэ адным важныя пытаннем стала развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва і размеркавання студэнтаў. "Неабходна новая структура, напрыклад Рэспубліканскі камітэт па справах моладзі, які аб'ядноўваў бы абласныя структуры на рэгіянальным узроўні. У склад камітэта ўвайшлі б два цэнтры - адзін займаўся б фарміраваннем грантаў па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў грамадскім жыцці, а другі - цэнтр занятасці і падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва - фарміраваннем грантаў па працаўладкаванні. Такі цэнтр занятасці з вялікай доляй верагоднасці прыцягнуў бы арганізацыі і прадпрыемствы, зацікаўленыя ў навуковай, інавацыйнай дзейнасці. Ён не ўпусціў бы ў тым ліку і моладзь, якая працуе ў камерцыйных арганізацыях, - адзначыў Павел Савельеў. - Магчыма, са стварэннем такога цэнтра занятасці і падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва пытанне будзе вырашацца наступным чынам: калі прыватная ініцыятыва маладога чалавека пры яго грантавай падтрымцы яшчэ ў студэнцкія гады перарасла ў бізнес, то чаму б яго не размеркаваць у сваю ж справу?".

Неабходны змяненні і ў сферы сацыяльнай палітыкі - ахове здароўя, адукацыі, фарміраванні жыцця людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і рабоце сацыяльнай абароны ў гэтым напрамку. Тут прапаноўвалася перагледзець падыходы да сістэмы адукацыі - стварэнне профільных класаў, размеркаванне патокаў навучэнцаў, аб'яднанне выпускных экзаменаў і ўступных у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў форме незалежнага ЦТ, дабавіць яшчэ адзін экзамен пры паступленні ў ВНУ, напрыклад абавязковая гутарка, і іншае.

"У сістэме аховы здароўя неабходна ўзмацненне амбулаторнага звяна і перанос асноўных аб'ёмаў аказання медыцынскай дапамогі менавіта на гэты этап як менш затратны і максімальна даступны. Гэта магчыма шляхам змянення падыходаў фінансавання галіны, вызначэння асноўнага трымальніка сродкаў і забеспячэння руху фінансавых патокаў за пацыентам. Неабходна паскарэнне інфарматызацыі галіны, што дапаможа ўкараніць сучасныя тэхналогіі абслугоўвання насельніцтва на ўсіх этапах аказання медыцынскай дапамогі, - падкрэсліў у час выступлення галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Ігар Каско. - У час работы тэматычнай дыялогавай пляцоўкі былі закрануты пытанні па стварэнні безбар'ернага асяроддзя і даступнасці аб'ектаў для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Прапануецца распрацаваць унутры аб'ектаў розных інфраструктур унутраную інструкцыю па даступнасці аб'екта, што ўлічвае індывідуальныя архітэктурныя і іншыя асаблівасці, іншымі словамі, алгарытм узаемадзеяння аб'екта і яго работнікаў з людзьмі з інваліднасцю. У выпадку недаступнасці аб'екта павінен быць таксама выпрацаваны гатовы алгарытм узаемадзеяння з інвалідам, які звярнуўся".

У рабоце пасяджэння па выніках правядзення рэгіянальных дыскусій па актуальных пытаннях развіцця краіны і рэгіёнаў у Магілёве прынялі ўдзел каля 140 чалавек з усёй вобласці. Вылучаныя прапановы знайшлі сваё адлюстраванне ў рэзалюцыі, яна будзе перададзена на рэспубліканскі ўзровень для далейшай работы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі