Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 снежня 2021, 15:06

У дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" прымуць удзел амаль 1 млн дзяцей

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 1 млн хлопчыкаў і дзяўчынак прымуць удзел у навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці", паведаміла журналістам галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Заявіліся на ўдзел у акцыі больш за 90 арганізацый. Плануецца, што яны наведаюць каля 150 устаноў і арганізацый аховы здароўя, сацыяльнай абароны. Рэспубліканскімі мерапрыемствамі з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання будзе ахоплена амаль 20 тыс. дзяцей. Агульная ж колькасць дзяцей, якія паўдзельнічаюць у акцыі, будзе налічваць каля 1 млн", - расказала Алена Сімакова.

Графік мерапрыемстваў практычна сфарміраваны. "Дзеці будуць удзельнікамі свят, квестаў, розных мерапрыемстваў у кожным абласным і раённым цэнтры, - адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення. - Штогод, аналізуючы правядзенне акцыі "Нашы дзеці", мы адзначаем, што з'яўляецца нейкая новая адметная асаблівасць. У бягучым годзе такім новаўвядзеннем стане прыцягненне да акцыі ўсяго насельніцтва нашай краіны".

Паводле слоў Алены Сімакавай, гэтаму будзе садзейнічаць шырокае інфармаванне насельніцтва. "Для таго каб кожны з нас змог унесці сваю лепту, аб'яднацца і адчуць сябе ўдзельнікам гэтай акцыі, - дадала яна. - Акрамя таго, традыцыйна ў рамках акцыі праходзіць адкрыццё пабудаваных за кошт бюджэту дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Хачу гэта адзначыць, паколькі ў нашай краіне сямейныя формы выхавання дзяцей знаходзяцца на асаблівым кантролі і пад асаблівай апекай".

Маштабная навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" пройдзе ў Беларусі з 14 снежня 2021 года па 14 студзеня 2022-га.

Штогод падчас акцыі кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, мясцовых улад, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам, Раством і ўручаюць падарункі, аказваюць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем. Да дабрачыннай акцыі далучацца грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі