Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 сакавіка 2023, 12:48

У чым галоўныя поспехі, а дзе застаюцца пытанні. Генпракурор расказаў аб крымінагеннай абстаноўцы ў Беларусі

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам не можа быць самазаспакоенасці. Аб гэтым заявіў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях дзейнасці органаў сілавога блока, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Швед адзначыў, што ў выніку прынятых праваахоўнымі органамі мер у мінулым годзе забяспечаны стабільная грамадска-палітычная абстаноўка, законнасць і правапарадак, абарона грамадзян ад злачынных замахаў.

"Пры гэтым знізілася колькасць забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, менш загінула людзей ад усіх наўмысных і неасцярожных злачынстваў", - канстатаваў генеральны пракурор.

Паводле яго слоў, таксама з'явіліся зрухі ў рабоце па процідзеянні нарказлачыннасці. Скарацілася колькасць такіх злачынстваў, напалову зменшылася колькасць смярцей ад спажывання наркотыкаў.

"Паступова даюць вынік намаганні па барацьбе з кіберзлачынствамі. Ёсць і іншыя станоўчыя вынікі процідзеяння злачыннасці. Аднак праблемных пытанняў забеспячэння правапарадку, на жаль, застаецца нямала. У першую чаргу процідзеянне экстрэмізму і, як паказаў пачатак гэтага года, яго крайняму праяўленню - тэрарызму, - адзначыў Андрэй Швед. - Генеральная пракуратура займае дакладную і паслядоўную пазіцыю: парушэнне прынцыпу непазбежнасці пакарання вядзе да беспакаранасці і, як вынік, учынення больш цяжкіх злачынстваў. Цяпер абстаноўка характарызуецца імклівай радыкалізацыяй дзеянняў экстрэмістаў. Тэракты ў Мачулішчах і Гродне (размова пра няўдалыя тэрарыстычныя акты. - Заўвага БЕЛТА) яшчэ раз паказалі: неабходна ўдасканаленне дзейнасці праваахоўных органаў па прадухіленні тэрарызму".

Кіраўнік нагляднага ведамства звярнуў увагу, што расце колькасць парушэнняў парадку выкарыстання паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і паветранымі суднамі звышмалой авіяцыі. Ён падкрэсліў, што прыняць адзіныя правілы абароту, рэалізацыі і эксплуатацыі беспілотнікаў, а таксама ўзмацніць меры адказнасці трэба было яшчэ ўчора.

"Важнае месца ў барацьбе з экстрэмізмам займае процідзеянне на інфармацыйным фронце, якое, зноў жа, не заўсёды эфектыўна. Актывізаваліся спробы маніпулявання моладдзю, стварэння нефармальных рухаў, накшталт "Родан", баявых груп, здольных за грошы выканаць любы заказ, якія могуць выкарыстоўвацца для расхіствання абстаноўкі, удзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах і беспарадках. У сувязі з гэтым неабходна актывізаваць работу па прафілактыцы і спыненні такіх рухаў, іх лідараў і актыўных удзельнікаў", - падкрэсліў генпракурор.

Актуальным пытаннем застаецца абарона правоў непаўналетніх, адзначыў Андрэй Швед. Паводле яго слоў, з году ў год пракуроры ўносяць шматлікія акты рэагавання, звязаныя з недастатковай і неэфектыўнай работай міліцыі і мясцовых органаў улады па прафілактыцы правапарушэнняў. "Дзеючыя падыходы ў гэтым пытанні яўна не адпавядаюць рэальнай абстаноўцы. Работа часта вядзецца фармальна. Трэба сказаць адкрыта: гэта сістэмная і хранічная праблема, якая часта з'яўляецца каталізатарам іншых негатыўных з'яў, - заявіў ён. - Як вынік, у мінулым годзе ўзрасла колькасць учыненых раней судзімымі згвалтаванняў, разбояў, грабяжоў, а таксама злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Ад іх дзеянняў часцей сталі пакутаваць і дзеці. Так, у мінулым годзе на 20 працэнтаў павялічылася колькасць непаўналетніх, якія зведалі сексуальнае насілле. Пры гэтым з дзяцей здзекаваліся і 157 асоб, якія раней мелі судзімасць. З іх 38 - асуджаліся за аналагічныя злачынствы".

Генеральны пракурор таксама звярнуў увагу на арганізацыю бяспекі дарожнага руху. "Нягледзячы на зніжэнне колькасці асоб, якія загінулі ў ДТЗ, абстаноўка на дарогах істотна не змянілася. Штогод гіне каля 500 чалавек, - сказаў ён. - У мінулым годзе ўзрасла колькасць ДТЗ, учыненых бяспраўнікамі".

Аб наяўных праблемах, паводле яго слоў, сведчыць і той факт, што няма сістэмы кантролю і ўзаемадзеяння паміж МУС і іншымі ведамствамі ў пытанні выяўлення нездаровых людзей, якія маюць вадзіцельскія пасведчанні. "Толькі ў Гомельскай вобласці пракурорамі выяўлены 215 асоб, якія пры наяўнасці псіхічных захворванняў і іншых проціпаказанняў мелі права на кіраванне транспартнымі сродкамі. А кожны з іх - гэта патэнцыяльная пагроза жыццю і здароўю людзей на дарозе, - падкрэсліў Андрэй Швед. - Праблема бяспекі дарожнага руху - гэта не толькі адказнасць ДАІ, але і органаў мясцовай улады".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі