Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 мая 2021, 14:54

У чарнобыльскіх рэгіёнах будзе зроблены акцэнт на павышэнні іх эканамічнай актыўнасці - Галоўчанка

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры фарміраванні праграмы развіцця рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, акцэнт будзе зроблены на павышэнні іх эканамічнай актыўнасці. Аб гэтым паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэм'ер-міністр нагадаў, што кіраўнік дзяржавы ў час паездкі па чарнобыльскіх рэгіёнах паставіў перад урадам і мясцовымі органамі ўлады задачу па распрацоўцы праграмы развіцця адпаведных раёнаў. Цяпер, паводле слоў прэм'ера, ідзе работа "па насычэнні гэтай праграмы канкрэтнымі мерапрыемствамі і аб'ектамі".

У першую чаргу плануецца стварыць у кожным з пацярпелых раёнаў лакальныя кропкі росту (вытворчыя аб'екты мясцовага маштабу) і інфраструктуру для іх эфектыўнага функцыянавання.

Раман Галоўчанка звярнуў увагу, што размова ідзе не пра замену, а пра дапаўненне дзеючай праграмы па развіцці чарнобыльскіх рэгіёнаў. Таму ўсе існуючыя выплаты, ільготы будуць захаваны. "Выдзяленне сродкаў на мерапрыемствы па рэінтэграцыі гэтых рэгіёнаў у эканамічную сістэму краіны, па процідзеянні забруджванню глебы, вадаёмаў і гэтак далей прадоўжыцца, - адзначыў ён. - Але цяпер трэба сканцэнтравацца на павышэнні эканамічнай актыўнасці рэгіёнаў".

Адбывацца гэта будзе, безумоўна, не на шкоду здароўю грамадзян, падкрэсліў прэм'ер-міністр. "А то адразу крык узнялі, што вось, маўляў, цяпер будуць уключаць забруджаныя землі ў абарот. Трэба супакоіцца і зразумець, што ва ўрадзе - разважныя людзі, якія ў гэтым пытанні кіруюцца найперш мэтай бяспекі насельніцтва, - сказаў ён. - Трэба асцярожна, акуратна ўключаць гэтыя землі, тэрыторыі ў эканамічнае развіццё краіны. Тым больш што ўмоў там для гэтага дастаткова".

Падрыхтаваць абноўленую праграму развіцця чарнобыльскіх рэгіёнаў урад павінен да верасня бягучага года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі