Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 лютага 2013, 16:44

У Беларусі знізілася пранікненне сотавай сувязі

28 лютага, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Пранікненне сотавай сувязі ў Беларусі знізілася ў 2012 годзе на 2,2 працэнта - са 118,8 працэнта да 116,6 працэнта. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар ЗП "Вэлком" Гельмут Дуз, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

Зніжэнне пранікнення сотавай сувязі можа быць звязана з рознымі фактарамі, у тым ліку міграцыйнымі. Акрамя таго, усё больш абанентаў аддаюць перавагу аднаму сотаваму аператару, адмаўляючыся ад выкарыстання адразу некалькіх SIM-картак.

Нягледзячы на зніжэнне аб'ёмаў рынку, "Вэлком" прадэманстраваў у 2012 годзе пэўны рост, адзначыў Гельмут Дуз. Доля сотавага аператара на рынку павялічылася на 2,4 працэнта да 43,5 працэнта. Пры гэтым у 2010 годзе доля кампаніі на рынку сотавай сувязі склала 41,9 працэнта.

Гендырэктар таксама расказаў, што ў 2012 годзе амаль у 2 разы павялічылася колькасць абанентаў шырокапалоснага інтэрнэт-доступу. Калі на канец 2011 года іх было 453 тыс., то на канец 2012-га - 803 тыс.

Гельмут Дуз закрануў тэму павышэння тарыфаў на паслугі сотавай сувязі ў мінулым годзе, адзначыўшы, што яно кампенсавала толькі палавіну дэвальвацыйных страт. Доля расходаў на сувязь "у кашальку" спажыўца знізілася на 55 працэнтаў. Цяпер пры фарміраванні цэнавай палітыкі аператар кіруецца, акрамя таго, узроўнем плацежаздольнасці абанентаў.

Аператар velcom створаны ў ліпені 1998 года як сумеснае беларуска-кіпрскае ТАА "Мабільная лічбавая сувязь". 22 жніўня 2007 года аператар змяніў юрыдычную назву на "Замежнае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанню паслуг "Мабільная лічбавая сувязь" пасля набыцця кіпрскай SB Telecom Ltd. дзярждолі ў аператары. У кастрычніку таго ж года Telekom Austria Group аб'явіла аб дасягненні пагаднення аб куплі 70 працэнтаў кіпрскай SB Telecom Ltd. прыкладна за 730 млн. еўра. Пакупніком выступіла падраздзяленне Telekom Austria па мабільнай сувязі Mobilkom Austria. 15 мая 2008 года аператар змяніў назву на ЗП "Вэлком". У кастрычніку 2010 года Telekom Austria Group выкупіла астатнія 30 працэнтаў беларускага сотавага аператара.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі