4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з'явяцца новыя дарожныя знакі і дадатковая разметка на стаяначных месцах для вадзіцеляў-інвалідаў, стане больш франтальных дарожных агародж. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення бяспекі і ўтрымання аўтамабільных дарог "БелдарНДІ" Сяргей Кабак.
З 1 студзеня ўступілі ў сілу змяненні ў СТБ 1300-2014 "Тэхнічныя сродкі арганізацыі дарожнага руху". Распрацоўшчыкі ўвялі новыя дарожныя знакі, у тым ліку якія рэнгламентуюць рух на пешаходных і веласіпедных дарожках. Акрамя таго, яны дабавілі знакі са схемай руху да пункта абслугоўвання сістэмы электроннага збору аплаты за праезд BelToll, паказальнікі напрамку да іх. "Чакаецца павелічэнне колькасці электрамабіляў. Адпаведна з'явіліся дарожныя знакі, якія інфармуюць аб станцыях зарадкі і АЗС, сумешчаных з імі", - дадаў Сяргей Кабак. З'явяцца таксама некаторыя новыя інфармацыйныя таблічкі.
Важныя змяненні закранулі ўстаноўку знака, які папярэджвае, што рух на ўчастку дарогі кантралюе камера з фотафіксацыяй. "Прадугледжана абавязковае дубліраванне на раздзяляльнай паласе. Гэта было важнае пытанне, асабліва для МКАД, таму што ва ўмовах інтэнсіўнага транспартнага патоку не ўсе вадзіцелі бачылі гэты знак", - растлумачыў спецыяліст. Па тых жа прычынах будзе дубліравацца знак, які папярэджвае аб дарожных работах.
У БелдарНДІ звярталіся прадстаўнікі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Па іх просьбе дапоўніцца разметка на стаяначных месцах для інвалідаў. Акрамя прывычнага знака штрыхамі, будзе абазначана прастора, якую можна будзе выкарыстоўваць, каб дастаць інвалідную каляску з машыны.
Шэраг змяненняў унесены, каб знізіць урон ад ДТЗ, якія ўчыняюцца пры наездзе на тарцы дарожных агародж. "У СТБ прадугледжана прымяненне франтальных дарожных агародж - спецыяльных канструкцый, дзякуючы якім транспартны сродак пры наездзе не атрымлівае крытычных пашкоджанняў, а вадзіцель і пасажыры - сур'ёзных траўмаў, - растлумачыў спецыяліст. - У бліжэйшы час такія агароджы будуць масава ўкараняцца на дарогах". Удакладнены таксама правілы прымянення агародж у залежнасці ад складанасці дарожных умоў і іншых фактараў. Адрэгуляваны пытанні тарцовых элементаў. Іх цяпер неабходна адводзіць убок і заглыбляць. Упершыню распрацаваны патрабаванні да дарожных люстэркаў.
Унесеныя ў СТБ змяненні адпавядаюць тэхрэгламенту Мытнага саюза па бяспецы аўтамабільных дарог. Яны накіраваны на ўніфікацыю нацыянальных стандартаў на еўразійскай прасторы.-0-