Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 мая 2020, 11:18

У Беларусі завяршаюць падрыхтоўку новых КоАП і ПВКоАП, прапановы занялі больш за 5 тыс. лістоў

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі завяршаюць работу па падрыхтоўцы новых КоАП і ПВКоАП. Прапановы ў кодэксы занялі больш за 5 тыс. лістоў. Аб гэтым паведаміў 27 мая журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка па выніках чарговага пасяджэння міжведамаснай экспертнай камісіі па ўдасканаленні заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Ігара Сергяенкі, "міжведамаснай камісіяй завяршаецца падрыхтоўка кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці". Такая маштабная перапрацоўка КоАП і ПВКоАП у гісторыі Беларусі праводзілася ўпершыню, адзначыў ён. Сёння эксперты прадоўжылі дыскусію па шэрагу навацый. Па многіх пазіцыях рашэнні знойдзены.

У распрацоўцы праектаў былі задзейнічаны дзяржаўныя органы ўсіх узроўняў улады, дэпутацкі і судзейскі карпусы, вучоныя і юрыдычная грамадскасць. Абноўленыя кодэксы накіроўваліся на ўзгадненне зацікаўленым ведамствам, выносіліся на грамадскае абмеркаванне. У цэлым прапанаваныя новаўвядзенні ўспрыняты пазітыўна, хаця некаторыя з іх выклікалі дыскусію. "Паступілі прапановы больш як 50 дзяржаўных органаў і іншых арганізацый агульным аб'ёмам больш за 5 тыс. лістоў. У час грамадскага абмеркавання грамадзяне пакінулі больш за 2 тыс. розных каментарыяў. Гэтыя лічбы сведчаць і пра аб'ём работы, і пра значны інтарэс грамадства да ўзнятых пытанняў", - падкрэсліў у час пасяджэння кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што ў падрыхтаваных праектах рэалізаваны асноўныя ўстаноўкі Прэзідэнта на прафілактычную накіраванасць адміністрацыйнага заканадаўства, упарадкаванне кола органаў і службовых асоб, якія маюць права складаць пратаколы і выносіць рашэнні. "І самае галоўнае - гэта забеспячэнне справядлівасці ў адпаведнай сферы як асноўнага чаканага эфекту ад усёй работы", - рэзюмаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Па выніках пасяджэння даручана канчаткова дапрацаваць праекты кодэксаў, правесці іх крыміналагічную экспертызу. Да 1 чэрвеня яны павінны быць прадстаўлены ў Адміністрацыю Прэзідэнта для даклада кіраўніку дзяржавы, а да 1 ліпеня - унесены ў Палату прадстаўнікоў.

Як паведамлялася, распараджэннем Прэзідэнта Беларусі ад 17 снежня 2019 года нумар 247рп для падрыхтоўкі комплексных прапаноў па карэкціроўцы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях створана міжведамасная экспертная камісія. У яе склад увайшлі работнікі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, Генеральнай пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, міністэрстваў юстыцыі, унутраных спраў, па падатках і зборах, іншых ведамстваў, прадстаўнікі парламента, а таксама навуковай супольнасці. Кіруе камісіяй намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі