Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 жніўня 2020, 16:50

У Беларусі за выхадныя здарылася 18 лясных пажараў

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі за выхадныя здарылася 18 лясных пажараў, а ў цэлым за апошні тыдзень - 59. Аб гэтым у час апаратнай нарады расказаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Валянцін Шатраўка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.

"Колькасць лясных пажараў у параўнанні з мінулым годам вырасла практычна ў два разы: з 546 да 944 выпадкаў. Аднак калі параўноўваць сярэднюю плошчу ачагоў, то мы бачым адваротную карціну: яна зменшылася амаль у два разы - з 12,5 га да 6,9 га. Гэта сведчыць аб тым, што службовыя асобы дзяржаўнай лясной аховы сталі больш аператыўна выяўляць і ліквідаваць узгаранні", - звярнуў увагу Валянцін Шатраўка.

На поўдні краіны захоўваецца напружаная пажаранебяспечная сітуацыя. Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў уведзены ў 45 раёнах Беларусі. Наведваць лес часова забаронена на ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці, у Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Пружанскім раёнах Брэсцкай, а таксама Шчучынскім раёне Гродзенскай. Абмежаванні дзейнічаюць у Слонімскім, Лідскім, Навагрудскім, Смаргонскім, Свіслацкім і Ашмянскім раёнах Гродзенскай вобласці. Што датычыцца Мінскай вобласці, то наведванне лясоў абмежавана ў 14 раёнах: Вілейскім, Маладзечанскім, Крупскім, Мінскім, Смалявіцкім, Бярэзінскім, Уздзенскім, Нясвіжскім, Клецкім, Слуцкім, Старадарожскім, Салігорскім, Любанскім і Стаўбцоўскім.

Першы намеснік міністра адзначыў рост колькасці зваротаў грамадзян, звязаных з увядзеннем абмежаванняў і забарон на наведванне лясоў. Не ўсюды ў рэгіёнах ёсць дакладнае разуменне, пры якіх менавіта ўмовах уводзяцца абмежаванні на наведванне лясоў і ў чым заключаюцца гэтыя меры. "Мы цяпер разглядаем пытанне мэтазгоднасці ўвядзення абмежаванняў, вывучаем меркаванне на месцах. Магчыма, адыдзем ад паўмер і спынімся выключна на ўвядзенні забароны на наведванне лясоў пры IV і V класах пажарнай небяспекі", - сказаў Валянцін Шатраўка.

Рашэнні аб увядзенні і зняцці абмежаванняў і забарон на наведванне лясоў прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Меры абмежавальнага характару ўводзяцца ў выпадку высокага класа пажарнай небяспекі і здымаюцца пры стабілізацыі сітуацыі. Галоўная мэта забарон - забяспечыць бяспеку грамадзян, захаванасць іх маёмасці, а таксама ляснога фонду.

На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана інтэрактыўная карта, з дапамогай якой можна аператыўна адсачыць, у якіх менавіта рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі