Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 ліпеня 2020, 14:19

У Беларусі з 1 жніўня ўстаноўлены новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 22 ліпеня 2020 года нумар 68, паведамілі БЕЛТА ў Мінпрацы і сацабароны.

Мінімальны спажывецкі бюджэт на аднаго члена сям'і з чатырох чалавек з 1 жніўня па 31 кастрычніка ў разліку на месяц складзе Br413,1 (з 1 мая па 31 ліпеня дзейнічаў МСБ у памеры Br406,04).

Пастановай Мінпрацы таксама ўстаноўлены сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты маладой сям'і з трох чалавек у памеры Br446,97; працаздольнага насельніцтва - Br522,13; пенсіянераў - Br404,52; дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў - Br344, 25; дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў - Br447,3; дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў - Br449,28.

Як удакладнілі спецыялісты Мінпрацы, мінімальны спажывецкі бюджэт уяўляе сабой расходы на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных патрэбнасцей чалавека. Удзельная вага крыніц расходаў у мінімальным спажывецкім бюджэце сям'і з чатырох чалавек у цэнах чэрвеня 2020 года размеркавана так: прадукты харчавання - 49,3 працэнта, адзенне, бялізна, абутак - 18,5 працэнта, ЖКП - 8,6 працэнта, бытавыя паслугі, транспарт, сувязь - 8,7 працэнта, мэбля, прадметы культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння - 8,7 працэнта, культурна-асветныя мерапрыемствы і адпачынак - 1,3 працэнта, узносы і плацяжы - 2,5 працэнта, лекавыя сродкі, прадметы санітарыі і гігіены - 2,5 працэнта.

Сярэднедушавыя мінімальныя спажывецкія бюджэты зацвярджаюцца штоквартальна і служаць для аналізу дасягнутага ўзроўню жыцця насельніцтва і прагназавання яго змяненняў, ацэнкі матэрыяльнага становішча розных груп насельніцтва, тыпаў сем'яў, пакупной здольнасці даходаў насельніцтва, абгрунтавання памераў мінімальных сацыяльна-працоўных гарантый.

Цяпер сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек служыць асновай для вызначэння права грамадзян на атрыманне льготных крэдытаў і субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў; грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, - ільготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі