Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 ліпеня 2019, 17:01

У Беларусі вызначаны новы парадак дыягностыкі аўтамабільных дарог агульнага карыстання

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства транспарту і камунікацый пастановай нумар 232 ад 17 чэрвеня 2019 года зацвердзіла новую рэдакцыю інструкцыі аб парадку дыягностыкі аўтамабільных дарог агульнага карыстання, а таксама вызначыла перыядычнасць правядзення ацэнкі параметраў пры дыягностыцы аўтамабільных дарог, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

У адпаведнасці з дакументам аўтамабільныя дарогі дыягнастуюцца шляхам абследавання каструкцыйных элементаў аўтадарог і дарожных збудаванняў, а таксама шляхам збору і аналізу інфармацыі аб параметрах і стане канструкцыйных элементаў аўтадарог і дарожных збудаванняў, характарыстыках транспартных патокаў і іншай інфармацыі.

Дыягностыка аўтамабільных дарог праводзіцца паэтапна і ўключае ў сябе планаванне і арганізацыю выканання дыягностыкі аўтамабільных дарог; падрыхтоўчыя работы; збор зыходнай інфармацыі; палявыя работы, работы па апрацоўцы вынікаў палявых работ, іх аналіз з ацэнкай транспартна-эксплуатацыйнага стану аўтадарог, абгрунтаваннем і назначэннем рамонтных мерапрыемстваў; фарміраванне (абнаўленне) баз даных аб транспартна-эксплуатацыйным стане аўтамабільных дарог і дарожных збудаванняў.

На ўладальнікаў аўтамабільных дарог ускладзены абавязкі па штогадовым планаванні і арганізацыі выканання дыягностыкі аўтамабільных дарог у адпаведнасці з устаноўленай перыядычнасцю правядзення ацэнкі параметраў пры дыягностыцы аўтамабільных дарог. Таксама яны абавязаны зацвярджаць тэхнічнае заданне на работы па дыягностыцы аўтадарогі, у якім вызначаецца аб'ём гэтых работ, забяспечваць доступ да канструкцый і элементаў дарожных збудаванняў для правядзення палявых работ арганізацыям, якія ажыццяўляюць дыягностыку аўтамабільных дарог. Вынікі палявых работ (даныя вымярэнняў) павінны ўносіцца ў базы даных аб транспартна-эксплуатацыйным стане аўтамабільных дарог і дарожных збудаванняў не пазней за 30 каляндарных дзён пасля выканання вымярэнняў.

Пастанова ўступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі