24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўзнагародзяць за асаблівыя дасягненні ў розных сферах эканомікі па выніках 2024 года. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр эканомікі Юрый Чабатар, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння на пасяджэнні камісіі па прысуджэнні прэмій прынята рашэнне з 1 студзеня 2025 года аб'явіць конкурс на саісканне прэміі. "На працягу квартала мы будзем чакаць адпаведныя заяўкі ад галін. Летам падвядзём вынікі, а бліжэй да восені ўрад уручыць прэміі", - падзяліўся планамі кіраўнік Мінэканомікі.
Паводле яго слоў, было шмат абмеркаванняў наконт заснавання прэміі. "Мы думалі, як усё ж такі яе рэалізаваць. Хацелася адзначыць тых людзей, якія сапраўды сваім розумам, работай, ініцыятывай, асабістым укладам забяспечваюць павелічэнне эфектыўнасці работы ад галін, рэгіёнаў і эканомікі ў цэлым", - рэзюмаваў міністр.
Старшыня камісіі па прысуджэнні прэмій - міністр эканомікі, яго намеснік - першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. Таксама ў склад камісіі ўвайшлі першыя намеснікі міністра архітэктуры і будаўніцтва, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, інфармацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, спорту і турызму, працы і сацыяльнай абароны, прамысловасці, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, намеснікі міністра аховы здароўя, культуры, адукацыі, сувязі і інфарматызацыі, транспарту і камунікацый, энергетыкі, намеснікі старшыні "Беллегпрама", "Белдзяржхарчпрама", "Беллеспаперапрама".
"У гэтым годзе ўрадам прынята рашэнне аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі ў галіне эканамічных дасягненняў. Гэта новая прэмія. Мы будзем уручаць яе ў 2025 годзе па выніках 2024-га. Пры прыняцці такога рашэння абмяркоўвалася, што павінна быць дадзена ацэнка асабістаму ўкладу канкрэтнага намінанта ў дасягненне найлепшых вынікаў на прадпрыемстве, у галіне і ў цэлым для эканомікі краіны. У нас будзе чатыры пераможцы па дзвюх намінацыях: дасягненні ў галіне вытворчасці і сферы паслуг, а таксама ў сферы галіновай навукі. Разам з адпаведнай камісіяй, на чале якой Міністэрства эканомікі, мы адбяром з усёй краіны лепшыя кандыдатуры. Спадзяёмся, што гэта новая традыцыя будзе стымулам для прадпрыемстваў і іх работнікаў у рэалізацыі ініцыятыў на карысць галін і ў цэлым эканомікі", - сказаў Юрый Чабатар.
Паводле яго слоў, прапановы аб найлепшых кандыдатурах будуць прадстаўляць галіновыя міністэрствы і канцэрны, а таксама мясцовая ўлада зыходзячы з устаноўленых крытэрыяў. "Узнагароджваць будзем за найлепшы вынік работы ў галіне, на прадпрыемстве, але галоўнымі будуць асабістыя дасягненні. Гэта значыць узнагароду атрымаюць канкрэтныя работнікі", - адзначыў міністр.
Пераможцы атрымаюць узнагароды ў памеры 1 тыс. базавых велічынь. "На наш погляд, гэта даволі значная сума для канкрэтнага работніка", - дадаў Юрый Чабатар.
Як паведамлялася, новая прэмія ўрада за асаблівыя дасягненні ў розных сферах эканомікі краіны заснавана пастановай Савета Міністраў ад 28 чэрвеня 2024 года нумар 455. Штогод пачынаючы з 2025 года на конкурснай аснове будуць прысуджвацца дзве прэміі ўрада за значны ўклад у развіццё вытворчасці і сферы паслуг (работ) і яшчэ дзве - за дасягненні ў галіновай навуцы ў памеры 1 тыс. базавых велічынь кожная. Пры вылічэнні памеру прэмій прымаецца ў разлік памер базавай велічыні, устаноўлены на дату ўступлення ў сілу пастановы Савета Міністраў аб прысуджэнні прэмій урада.
Прэмія за значны ўклад у развіццё вытворчасці і сферы паслуг прысуджваецца за выдатныя вынікі ў галіне кіравання вытворчасцю, забеспячэнне і павышэнне якасці прадукцыі, укараненне новых прагрэсіўных метадаў менеджменту, вытворчасць новых або ўдасканаленых канкурэнтаздольных тавараў (работ, паслуг). Прэмія за дасягненні ў галіновай навуцы - за выкананне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ у інтарэсах галіновых арганізацый або для галіновага тэхналагічнага развіцця, якія завяршыліся стварэннем новых тэхналогій, тэхнікі, прыбораў, абсталявання, матэрыялаў і рэчываў, іншай навукова-тэхнічнай прадукцыі, асваеннем у вытворчасці распрацаваных высокатэхналагічных экспартна арыентаваных інавацый і выпускам на гэтай аснове новаасвоенай прадукцыі з высокай эканамічнай эфектыўнасцю.
Лаўрэатам прэміі будзе ўручаны дыплом і ганаровы знак за асаблівыя дасягненні ў розных сферах эканомікі краіны.-0-
Фота Віталя Піваварчыка