Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2020, 10:17

У Беларусі ўзмацняюць абарону інтарэсаў уладальнікаў банкаўскіх картак

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пашыраюцца магчымасці выкарыстання банкаўскіх картак і ўзмацняецца абарона інтарэсаў іх трымальнікаў. Гэта прадугледжана пастановай праўлення Нацыянальнага банка ад 18 мая 2020 года нумар 155, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.

Банкі-экваеры і арганізацыі гандлю і сэрвісу змогуць уключаць у дагавор парадак і ўмовы выдачы наяўных сродкаў трымальнікам картак у арганізацыях гандлю (сэрвісу). Пры гэтым з 5 чэрвеня 2020 года выдача наяўных магчыма ў арганізацыях у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах, а таксама па-за населенымі пунктамі. З 1 студзеня 2022 года гэта паслуга можа прадастаўляцца на ўсёй тэрыторыі краіны. Выдаваць наяўныя трымальнікам картак будуць з выкарыстаннем касавага абсталявання пры наяўнасці дастатковай сумы грошай.

Пастановай нумар 155 урэгулявана пытанне адлюстравання па рахунку аперацыі, праведзенай у беларускіх рублях пры выкарыстанні карткі, разлік па якой вядзецца пры ўдзеле замежнага банка. Напрыклад, гэта можа быць безнаяўны плацеж за паслугі "Яндэкс.Таксі", Uber або плацеж за тавар, цана на які прадстаўлена ў беларускiх рублях, але магазін знаходзіцца за межамі Беларусі.

Уводзяцца дадатковыя патрабаванні да банка-эмітэнта, каб забяспечыць паўнату i своечасовасць давядзення інфармацыі, звязанай з аказаннем банкаўскіх паслуг.

У прыватнасці, у выпадку змянення значных умоў дагавора аб выкарыстанні карткі (крэдытнага дагавора), такіх як пералік і (або) памеры ўзнагарод (плат), якiя спаганяюцца з кліента, і наяўнасці абавязку ў банка-эмітэнта паведамляць кліенту аб такіх змяненнях з выкарыстаннем толькі электронных каналаў інфармавання ўводзіцца патрабаванне аб паведамленні праз індывідуальны электронны канал, што павысіць верагоднасць давядзення інфармацыі непасрэдна да кліента. Гэта можа быць SMS-паведамленне, push-апавяшчэнне, паведамленне ў мэсэнджары, у электроннай пошце, інтэрнэт- або мабільным банкінгу.

Уводзіцца таксама патрабаванне аб бясплатнай падачы і разглядзе заявы банкам-эмітэнтам у выпадку пакрыцця кліенту-фізічнай асобе спісаных грошай, калі аперацыі не былі санкцыянаваны трымальнікам карткі.

"Прынятыя пастановай нумар 155 змяненні будуць садзейнічаць развіццю рынку банкаўскіх плацежных картак, а таксама ўзмацненню абароны правоў і інтарэсаў трымальнікаў картак", - лічаць у Нацбанку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі