
5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўнясуць змяненні ў Нацыянальную стратэгію па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года, паведаміла сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Цяпер праводзіцца карэкціроўка Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі на перыяд да 2035 года. Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі створана рабочая група, у складзе якой прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, у тым ліку Мінпрыроды. Патрабуецца выпрацаваць агульныя пазіцыі, якія задаволілі б усіх. Цяпер рыхтуецца адпаведная прапанова ва ўрад", - сказала Вольга Сазонава.
Паводле яе слоў, трэба адкарэкціраваць многія канцэптуальныя падыходы. "У Мінску было запланавана будаўніцтва завода па энергетычным выкарыстанні камунальных адходаў. У далейшым з пункту гледжання эканамічнай эфектыўнасці было прынята рашэнне правесці пераўзбраенне Мінскай ЦЭЦ-4 для выкарыстання адходаў у якасці паліва. Зацверджаны адпаведны план мерапрыемстваў. Гэты праект будзе рэалізаваны пасля 2020 года", - адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення.
"Акрамя таго, практыка паказала, што трэба расставіць дадатковыя акцэнты ў частцы мерапрыемстваў па прадухіленні ўтварэння адходаў, таксама з улікам новых тэндэнцый па адмове ад аднаразовага пластыкавага посуду, па пераходзе з ПЭТ-тары на шкляную. Таму, думаю, будзе комплексная карэкціроўка стратэгіі з улікам новых напрамкаў, хутчэй за ўсё, не раней, чым у наступным годзе", - дадала Вольга Сазонава.-0-