Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 красавіка 2020, 14:45

У Беларусі ў канцы тыдня пахаладае

6 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў канцы тыдня пахаладае, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Надвор'е ў першай палавіне бягучага тыдня можна смела назваць генеральнай рэпетыцыяй вясны. Ужо сёння пад уплывам антыцыклону ў Беларусі ў асноўным сонечна. Малаактыўныя атмасферныя франты і пераважанне антыцыкланальнага характару надвор'я абумовяць вялікі дэфіцыт ападкаў. У сувязі з гэтым у краіне павялічваецца пагроза лясных пажараў. Знаходзячыся ў лясной зоне, будзьце асцярожныя з агнём", - сказалі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 7 красавіка, цэнтр антыцыклону перамесціцца на Кіеўскую вобласць, а Беларусь апынецца на яго цёплым баку. Таму чакаецца невялікая воблачнасць, будзе без ападкаў. Вецер прагназуецца паўднёвы, паўднёва-заходні, ноччу слабы, днём умераны. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, месцамі ў паўднёвых раёнах - да мінус 5 градусаў. Днём будзе 15-21 градус цяпла, па паўднёвым захадзе паветра можа прагрэцца да 23 градусаў.

У сераду, 8 красавіка, Беларусь застанецца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску ад украінскага антыцыклону, толькі ноччу і раніцай па паўночным усходзе краіны будзе адчувацца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзела. Чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ноччу і раніцай месцамі па паўночным усходзе пройдзе невялікі дождж. Вецер прагназуецца заходні ўмераны. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да плюс 7 градусаў. Днём будзе 13-19 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе - плюс 20-22 градусы.

У чацвер, 9 красавіка, захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску. У многіх раёнах абыдзецца без ападкаў. Але днём з Балтыйскага мора на паўночны захад краіны перамесціцца атмасферны фронт, і тут павялічыцца воблачнасць, пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны, у дзённы час парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, месцамі - да мінус 2 градусаў. Днём будзе 17-23 градусы цяпла, па паўночным захадзе халадней - плюс 14-16 градусаў.

"Але такое надвор'е захаваецца нядоўга. Ужо ў пятніцу, 10 красавіка, умовы надвор'я пачне фарміраваць халодны атмасферны фронт, які выцесніць вельмі цёплае паветра за межы нашай краіны. Франтальны раздзел ападкаў прынясе нямнога, толькі месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы", - адзначылі ў Белгідрамеце. У начныя і ранішнія гадзіны ў нізінах і паблізу вадаёмаў могуць згушчацца слабыя туманы. Паўднёва-заходні вецер зменіцца на паўночна-заходні, ноччу будзе слабым, днём - парывістым. Тэмпература паветра ноччу складзе 2-9 градусаў вышэй за нуль. Днём будзе плюс 7-13 градусаў, па паўднёвым захадзе - на пару градусаў цяплей.

Паводле папярэдняга прагнозу, у бліжэйшыя выхадныя чакаецца халаднаватае надвор'е. У нядзелю па поўначы краіны зноў можа назірацца невялікі снег.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі