Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 студзеня 2023, 12:29

У Беларусі ствараюць афіцыйную бегавую лігу для аматараў. Як у яе можна будзе трапіць

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ствараюць афіцыйную бегавую лінію для аматараў. Аб гэтым расказаў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан у YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага".

"У гэтым годзе мы зробім беларускую лігу бегу, якая аб'яднае серыю забегаў ва ўсіх рэгіёнах. У кожным рэгіёне мы зробім па тры старты: адзін у абласным цэнтры і два - у раённых. Удзельнікі лігі змогуць паўдзельнічаць ва ўсіх забегах, мінімум у сямі (пакуль мы палажэнне да канца не дапісалі, але мінімум у сямі забегах). Яны набіраюць ачкі, ачкі гэтыя падсумоўваюцца, і на фінальным нашым спаборніцтве - Мінскім паўмарафоне - яны будуць бегчы і сапернічаць паміж сабой. У канцы будзе ўзнагароджванне", - расказаў Іван Ціхан.

Мяркуецца, што пераможцаў будуць вызначаць не толькі ў асабістым заліку, але і камандным.

"Будзе цікава. Дадатковае спаборніцтва, дадатковае стымуляванне. Бегавых рухаў, клубаў у Беларусі цяпер шмат. Людзей, якія займаюцца бегам, даволі шмат. Мы ўлічылі пажаданні гэтых аматарскіх клубаў, плюс кожны рэгіён асобна праводзіў свае паўмарафоны. Лепшыя мы ўключылі ў праграму і дапоўнілі па раёнах", - дадаў старшыня БФЛА.

Іван Ціхан адзначыў, што кожны год у Беларусі праводзіцца вялікая колькасць спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Толькі па лініі федэрацыі іх больш за 80. Прычым усе мерапрыемствы арганізаваны такім чынам, каб уключыць усе ўзроставыя групы. Асаблівую папулярнасць набылі сямейныя забегі. Прадугледжаны дыстанцыі і для прафесіяналаў.

"У нас ёсць і духоўны складнік. Мы рабілі забег у Жыровічах, будзе забег у Полацку і Тураве. Аматары бегу змогуць прыехаць і дакрануцца да вытокаў праваслаўя, папрысутнічаць на царкоўнай службе, а потым прыняць удзел у нашых забегах", - расказаў кіраўнік федэрацыі.

БФЛА таксама плануе папулярызаваць фізічную культуру на розных фестывалях, напрыклад Viva Braslav. "Там ёсць невялікі спартыўны складнік: баскетбол, пляжны валейбол і гэтак далей. Мы хочам туды дабавіць яшчэ лёгкую атлетыку. У час тых жа традыцыйных "Дажынак" можна ўключыць спартыўны складнік - нашу лёгкую атлетыку. Чым добрая лёгкая атлетыка? Яна даступна ўсім і кожнаму", - анансаваў новыя праекты Іван Ціхан.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі