Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 снежня 2020, 09:11

У Беларусі стартаваў патрыятычны праект "Памяць сэрца"

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі патрыятычны праект "Памяць сэрца" стартаваў 13 снежня ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"75 гадоў таму нашы прадзеды падарылі нам Перамогу. Вайна закранула кожную беларускую сям'ю. На жаль, з кожным годам ветэранаў становіцца ўсё менш. І наша задача - не даць перапісаць гісторыю тых гераічных падзей, захаваць гэту памяць у сэрцы і перадаць нашым дзецям, - адзначыла сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Юлія Зінкевіч. - У гэтым годзе ў нас прайшоў яркі праект "Беларусь памятае", калі моладзь вывучала гераічныя гісторыі сваіх прадзедаў і прабабуль. Таксама прайшоў маладзёжны праект "Поезд #Беларусь. Моладзь. Натхненне", калі на працягу сямі дзён больш за 90 маладых людзей праехалі па знакавых мясцінах Беларусі і правезлі з сабой палотнішча "Беларусь памятае". Удзельнікі гэтага праекта ганарыліся тым, што дакрануліся да гэтага палотнішча і даведаліся пра герояў сваёй краіны. Я пераканана, што такія акцыі павінны праходзіць як у малых населеных пунктах, так і ў вялікіх гарадах. Бо нам сапраўды ёсць чым ганарыцца".

Паводле слоў Юліі Зінкевіч, праект "Памяць сэрца" - яшчэ адно сведчанне таго, што беларуская моладзь ведае і памятае пра подзвіг сваіх прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

13 снежня ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшоў адкрыты дыялог. Моладзь таксама прыняла ўдзел у маладзёжным аўтапрабегу па маршруце Дзятлава - вёска Коцькі (у трох брацкіх магілах пахавана амаль 8 тыс. расстраляных 13 снежня 1942 года яўрэяў) - вёска Курпешы (у брацкай магіле пахавана 2800 яўрэяў). Каля абеліска, устаноўленага ў лясным масіве непадалёку ад вёскі Курпешы, быў арганізаваны мітынг-рэквіем. Тут моладзь усклала кветкі да абеліска і склала з запаленых лампад кампазіцыю "Памяць сэрца".

"Гэты праект аб'ядноўвае моладзь, якая памятае і шануе гісторыю сваёй краіны. Сёння кожны малады чалавек павінен разумець, што гераізацыя нацызму - гэта спроба раз'яднаць беларусаў, вярнуцца ў тое, ад чаго мы адышлі 75 гадоў таму. Мы захавалі краіну. Безумоўна, толькі захоўваючы і шануючы памяць аб нашым гераічным мінулым, мы можам будаваць будучыню Беларусі", - расказаў старшыня маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Ягор Макарэвіч.

p>

Мерапрыемствы праекта "Памяць сэрца" пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі па 24 снежня. У памятных мясцінах, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, маладыя людзі арганізуюць мітынгі-рэквіемы з ускладаннем кветак і запальваннем лампад памяці ў форме назвы новага патрыятычнага праекта. Тэматыцы захавання гістарычнай памяці будуць прысвечаны і дыялогі пакаленняў. Падчас работы гэтых камунікацыйных пляцовак плануецца абмеркаваць пытанні патрыятычнага выхавання моладзі.

Перад вайной у Дзятлаве пражывалі 4,5 тыс. яўрэяў - амаль 70 працэнтаў мясцовага насельніцтва. У 1939-1941 гадах у горад прыбыло шмат яўрэйскіх бежанцаў з заходняй і цэнтральнай Польшчы, захопленай гітлераўскай Германіяй. Да чэрвеня 1941 года яўрэйскае насельніцтва Дзятлава вырасла больш як да 5 тыс. чалавек. Мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй тры гады - з 30 чэрвеня 1941-га да 9 ліпеня 1944-га. Усяго за час акупацыі гітлераўцы замучылі і забілі ў Дзятлаве 3,5 тыс. яўрэяў. Некалькі соцень змаглі выратавацца, многія з іх дажылі да вызвалення ў сямейным партызанскім лагеры.-0-

Фота Леаніда Шчаглова і ЦК "БРСМ"

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі