Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 лістапада 2018, 10:12

У Беларусі стартавалі абласныя этапы рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года"

6 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі 5 лістапада стартавалі абласныя этапы рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар ЦК ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Юлія Зінкевіч.

"Першымі абласныя этапы прымаюць Мінск і Віцебск, далей падключацца астатнія рэгіёны. Рэспубліканскі этап плануецца правесці 21 лістапада ў Мінскім гарадскім палацы культуры. У ім прымуць удзел па адным пераможцу ад кожнай з абласцей і чатыры ад Мінска. У конкурсе спаборнічаюць студэнты дзённай формы навучання ўстаноў вышэйшай адукацыі. Перавага аддаецца маладым людзям, якія вядуць актыўнае навуковае, творчае, спартыўнае і грамадскае жыццё і маюць сярэдні бал па выніках апошніх двух семестраў не менш як 8,0", - расказала Юлія Зінкевіч.

Паводле яе слоў, для ўдзельнікаў падрыхтаваны чатыры асноўныя конкурсныя выпрабаванні. "У прыватнасці, кожны з іх павінен прадставіць сябе ў любой творчай форме ў выпрабаванні "Будзем знаёмы". Тут будзе ацэньвацца ўзровень сцэнічнай культуры, арыгінальны падыход, раскрыццё тэмы, артыстызм і дапускаецца ўдзел групы падтрымкі да шасці чалавек. Наступны конкурс аратарскага майстэрства "#УПрафесіі" дасць магчымасць прадставіць сваю будучую спецыяльнасць. Студэнтаў таксама чакае інтэлектуальны конкурс, дзе пытанні ўдзельнікам будзе задаваць не журы, а фіналісты "Студэнта года" мінулых гадоў. Пад дэвізам "Мая малая радзіма" пройдзе творчы конкурс, які дасць магчымасць, выкарыстоўваючы розныя мастацкія формы і жанры, раскрыць таленты маладых людзей", - адзначыла сакратар ЦК БРСМ.

Акрамя таго, пройдзе конкурс відэаролікаў "Я - студэнт!". Ён будзе ацэньвацца завочна інтэрнэт-карыстальнікамі. "Відэаролікі будуць размяшчацца на сайце brsm.by і ў нашых групах у сацыяльных сетках не пазней, чым за пяць каляндарных дзён да даты правядзення фінальнага тура конкурсу для арганізацыі інтэрнэт-галасавання. Па выніках вызначыцца пераможца ў намінацыі "Студэнт года ONLINE". Уладальнікам гэтага тытула становіцца ўдзельнік, які набраў найбольшую колькасць галасоў у працэсе анлайн-галасавання", - удакладніла Юлія Зінкевіч.

Асноўныя задачы рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года" - развіццё творчага патэнцыялу моладзі, удасканаленне праграм падрыхтоўкі лідараў з ліку студэнцкай моладзі, падтрымка сацыяльна значнай дзейнасці, павышэнне прэстыжу ведаў і папулярызацыя прафесій.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі