Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 снежня 2018, 15:29

У Беларусі стартавала дабрачынная акцыя "Нашы сэрцы - дзецям"

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзіцячы фонд даў старт дабрачыннай акцыі "Нашы сэрцы - дзецям". Праект адкрыла вялікае свята "Калядкі ў Купалавым доме", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы сабраліся 50 дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Магілёўскай і Віцебскай абласцей, юныя мінчане з прыёмных і шматдзетных сем'яў. Для іх супрацоўнікі музея падрыхтавалі арыгінальную аўтарскую праграму. Дзеці таксама паглядзяць лялечны спектакль "У пошуках Снягурачкі" і, вядома, атрымаюць падарункі ад Дзеда Мароза.

"Напярэдадні Новага года і Раства Беларускі дзіцячы фонд традыцыйна праводзіць дабрачынную акцыю "Нашы сэрцы - дзецям" у рамках рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці", у бягучым годзе - 28-ы раз. Усе гэтыя гады мы віншуем дзяцей з такімі цудоўнымі святамі. Сёння будзе цікава не толькі дзецям, але і дарослым, таму што мы акунёмся ў атмасферу таго, як сустракалі Раство ў Беларусі яшчэ сто гадоў таму. Акрамя таго, для 40 дзяцей з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Магілёўскай і Віцебскай абласцей святы прадоўжацца двухдзённай экскурсійна-пазнавальнай паездкай у Брэст і сядзібу Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы", - расказала намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова.

У Мінску дабрачынная акцыя прадоўжыцца ў дзіцячых аддзяленнях бальніц горада. Так, 19 снежня свята будзе арганізавана ў Рэспубліканскім дзіцячым кардыялагічным цэнтры РНПЦ "Кардыялогія", 20 снежня валанцёры адправяцца ў дзіцячае апёкавае аддзяленне гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, 26 снежня - у дзіцячае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя, 27 снежня - у дзіцячае траўматалагічнае аддзяленне 6-й гарадской клінічнай бальніцы і іншыя. Дабрачынныя святы адбудуцца пры ўдзеле валанцёрскіх клубаў "Слон" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, "Міласэрнасць" Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, вакальна-тэатральнай студыі "Ле-Мары".

"Усім, вядома, хочацца сустрэць Раство і Новы год у асяроддзі сям'і, але, на жаль, хвароба не пытаецца. Мы ніколі не застаёмся абыякавымі і традыцыйна наведваем дзяцей, якія праходзяць лячэнне. Яны чакаюць сюрпрызаў, і нам у гэтым дапамагаюць валанцёры. Самае галоўнае для дзяцей - гэта ўвага, асабліва ў святочныя дні. Мы хочам стварыць для іх гэта свята і ўручыць падарункі", - адзначыла Ірына Чарнякова.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі