Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 лютага 2020, 13:54

У Беларусі санітарна-каранцінны кантроль прайшлі каля 460 тыс. чалавек

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі санітарна-каранцінны кантроль прайшлі каля 460 тыс. чалавек, заявіў сёння журналістам міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Беларусі пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй не зафіксавана. "Па стане на 19 лютага санітарна-каранцінны кантроль прайшлі 459 957 чалавек, у тым ліку 1053 чалавекі, якія знаходзіліся ў КНР на працягу папярэдніх 14 дзён, з іх грамадзян КНР - 782. Усяго за ўвесь перыяд прафілактычных мерапрыемстваў праведзена 1557 лабараторных даследаванняў", - расказаў Уладзімір Каранік.

Паводле яго слоў, на сённяшні дзень выяўлена 80 чалавек з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі, якія раней знаходзіліся ў КНР. "Усе яны атрымалі меддапамогу, ва ўсіх праведзена лабараторная дыягностыка, выяўлены розныя вірусныя інфекцыі. Але ні ў каго не было каранавіруснай інфекцыі. Абсалютная большасць з іх ужо выпісаны і знаходзяцца дома", - адзначыў міністр.

Як паведамлялася, Сусветная арганізацыя аховы здароўя прысвоіла каранавірусу афіцыйную назву - COVID-19. Устаноўлена, што 168 лабараторый па ўсім свеце аснашчаны тэхналогіямі, якія дазваляюць выявіць каранавірус. Шэсць лабараторый - у Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах і Расіі - будуць аказваць падтрымку ў дыягностыцы.

У Беларусі з 30 студзеня пераведзена ў рэжым павышанай гатоўнасці работа ўсёй санітарна-эпідэміялагічнай службы, хуткай медыцынскай дапамогі, амбулаторна-паліклінічных і бальнічных арганізацый аховы здароўя. Арганізацыі аховы здароўя краіны гатовы да прыёму пацыентаў з падазрэннем на захворванне і правядзення медыцынскага нагляду за кантактнымі асобамі.

У дыягнастычнай лабараторыі РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі забяспечана кругласутачнае дзяжурства для правядзення даследаванняў і тэстаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі