Сцяг Нядзеля, 24 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 кастрычніка 2021, 16:28

У Беларусі распрацоўваецца законапраект аб прызнанні генацыду беларускага народа

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі распрацоўваецца законапраект аб прызнанні генацыду беларускага народа, паведаміла журналістам намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння ў лесе паблізу ўезда на палігон 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады праводзіцца агляд і выманне касцявых астанкаў і іншых прадметаў з раскапанай ямы-магілы часоў Вялікай Айчыннай вайны - месца масавага пахавання мірных жыхароў і ваеннаслужачых, устаноўленага ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе.

"Прыбыўшы на гэта месца, думаеш аб тым, што няма такіх слёз, іх не хопіць не толькі цяперашняму, але і будучым пакаленням беларусаў і ўсіх людзей свету для таго, каб аплакаць гэты боль. Тое, што мы бачым, генацыд савецкага народа, генацыд беларускага народа. І мы сёння адказныя за тое, каб было ўстаноўлена, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні, тое, што ў адносінах да беларускага народа, жыхароў іншых нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэрыторыі БССР, учыняўся генацыд. Ініцыятыва Генеральнай пракуратуры пачута дэпутатамі, і сёння ў дастатковай ступені гатоўнасці праект заканадаўчага акта, які прызначаны стаць палітычным, прававым і маральным дакументам, законам, які асуджае генацыд беларускага народа, прызнае генацыд беларускага народа", - сказала Лілія Ананіч.

Паводле яе слоў, заканадаўцы лічаць: трэба давесці да канца крымінальную справу і ўстанавіць усе факты генацыду савецкага і беларускага народа на тэрыторыі Беларусі. Парламентарыі ў законе таксама бачаць неабходным прапісаць адказнасць за адмаўленне генацыду савецкага і беларускага народа, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэту. "Не можам сёння мы, беларусы, дапускаць таго, каб гістарычная памяць скажалася і каб нават у думках у некага было адмаўляць вось гэты злавесны факт. Для чаго гэта трэба ў сусветным кантэксце? Прызнанне генацыду беларускага народа, на наш погляд, гэта важнейшы крок для таго, каб умацоўваць прававую архітэктуру той гістарычнай памяці, - дадала парламентарый. - Мы сёння павінны рабіць вось гэтыя прававыя крокі і даказваць на ўсіх узроўнях, на ўсіх пляцоўках сваё права захоўваць гістарычную памяць. І, вядома, паклон усім, хто сёння займаецца такой работай, хто знаходзіць гэтыя пахаванні, хто заклікае нас памятаць. Будзем памятаць і заканадаўча абавязкова замацуем гэта".

Пры расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе Генпракуратура атрымала звесткі аб наяўнасці не менш як сямі месцаў масавага пахавання жыхароў паблізу ўрочышча Уручча. Згодна з архіўнымі звесткамі, колькасць пахаваных там з 1941-га па 1944 год - звыш 38 тыс. чалавек. Уважлівы аналіз атрыманай следствам інфармацыі з розных крыніц дазволіў выявіць у лесе паблізу ўезда на палігон адно з такіх месцаў. Там могуць знаходзіцца астанкі больш як 8 тыс. чалавек. Прадаўжаюцца раскопкі, следчыя дзеянні. Раскопкі будуць весціся, пакуль не будуць устаноўлены ўсе абставіны зверстваў, якія ўчыняліся тут у гады вайны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі