Сцяг Аўторак, 16 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 лістапада 2015, 15:17

У Беларусі распрацавалі мабільны дадатак для ўрачоў

16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі распрацавалі мабільны дадатак да пратаколаў і алгарытмаў вядзення пацыентаў з рэспіраторнымі захворваннямі для ўрачоў першаснай аховы здароўя. Аб гэтым паведаміла журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла Жылевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас распрацаваны дапаможнік па практычнай ахове здароўя лёгкіх для ўрачоў агульнай практыкі і ўчастковых тэрапеўтаў. Паколькі дапаможнік стаў вельмі запатрабаваным у практыцы, была распрацавана яго электронная версія для смартфонаў, дзе прапісана, якія лекавыя сродкі, у тым ліку антыбіётыкі, найбольш рацыянальна назначыць у даным канкрэтным выпадку", - сказала Людміла Жылевіч. Прадукт з'яўляецца пілотным і будзе бясплатна прадастаўлены практыкуючым урачам у пачатку 2016 года. Дадатак падрыхтаваны з удзелам СААЗ.

"Такая версія ў электронным выглядзе дазволіць нашым урачам мець магчымасць аператыўна, каля пасцелі хворага атрымаць неабходную інфармацыю па аптымальным выбары лякарстваў для кожнага канкрэтнага пацыента", - сказала Людміла Жылевіч. У гэтай версіі закладзена праграма электроннага рэцэпта, што дасць магчымасць інсталяваць яго ў амбулаторную карту пацыента і раздрукаваць.

Таксама цяпер фарміруецца электронная амбулаторная карта пацыента. У яе будуць уносіцца звесткі аб усіх прэпаратах, якія прымае пацыент. Асаблівая роля будзе адведзена антыбіётыкам. Дапусцім, пацыент некалькі разоў беспаспяхова прымаў пэўныя антыбіётыкі. Калі пацыент прыйдзе на прыём чарговы раз, урач гэта ўбачыць і зробіць выснову аб верагоднай неадчувальнасці да такога лякарства і выбера іншае.

Сусветны тыдзень правільнага выкарыстання антыбіётыкаў стартаваў сёння ў Беларусі. Ён накіраваны на павышэнне дасведчанасці аб праблеме ўстойлівасці да антыбіётыкаў і на прапаганду іх правільнага выкарыстання сярод грамадскасці, медработнікаў і палітыкаў. Тэма кампаніі - "Антыбіётыкі: выкарыстоўвайце асцярожна!". Яна адлюстроўвае агульную ідэю: антыбіётыкі з'яўляюцца каштоўным рэсурсам, які неабходна захаваць, яны павінны выкарыстоўвацца для лячэння бактэрыяльных інфекцый толькі ў выпадках іх назначэння дыпламаванымі спецыялістамі аховы здароўя. Ні ў якім выпадку нельга перадаваць антыбіётыкі іншым людзям або захоўваць іх на будучае, не давёўшы да канца курс лячэння.

СААЗ настойліва рэкамендуе ўсім дзяржавам-членам і партнёрам у галіне аховы здароўя далучыцца да гэтай кампаніі і садзейнічаць павышэнню дасведчанасці ў названай сферы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі