Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 студзеня 2020, 09:50

У Беларусі пражываюць больш за 380 чалавек ва ўзросце старэйшым за сто гадоў - Касцевіч

9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск - лідар па колькасці доўгажыхароў у Беларусі, а ўсяго ў краіне іх налічваецца больш за 380 чалавек. Аб гэтым паведаміла 8 студзеня журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, якая прыехала ў Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы на 100-гадовы юбілей Надзеі Лесніковай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ў рэспубліцы пражываюць 382 чалавекі, якім сто і больш гадоў", - сказала міністр. Пры гэтым Мінск можа пахваліцца найбольшай колькасцю доўгажыхароў - іх у сталіцы 68.

Ірына Касцевіч адзначыла, што дзяржава прымае розныя меры для стварэння дастойных умоў жыцця людзей пажылога і старога ўзросту, перш за ўсё тых, якія самі не могуць паклапаціцца аб сабе. Сярод інструментаў дапамогі міністр пералічыла паслугі сацыяльных работнікаў, сацыяльны патранат, сетку дамоў-інтэрнатаў. "Сёння мы якраз у такім доме-інтэрнаце, дзе пражываюць 99 чалавек. Тое, што іх сярэдні ўзрост - 90 гадоў, сведчыць аб тым, што тут створаны добрыя ўмовы. І мы імкнёмся, каб гэтыя ўмовы перш за ўсё былі набліжаны да хатніх, каб былі цяпло, утульнасць і ўвага, - падкрэсліла Ірына Касцевіч. - Кожны дзень нараджэння сустракаем разам за шклянкай чаю, стараемся прывесці сюды з канцэртамі нашу моладзь, навучэнцы са школ актыўна адгукаюцца. Гэта вельмі добра, калі ёсць сувязь пакаленняў, старэйшыя могуць падзяліцца вопытам, паказаць прыклад таго, да чаго імкнуцца, як ставіцца да навакольнага свету. Размаўляючы з нашымі пажылымі ў доме-інтэрнаце, можна пераканацца: сакрэт даўгалецця заключаецца ў любові да жыцця і людзей".

Асаблівай увагай 8 студзеня была акружана ветэран вайны і працы Надзея Мітрафанаўна Леснікова. Ураджэнка Гомеля, у 1940 годзе яна была накіравана ў Кішынёў, дзе працавала на чыгунцы па сваёй спецыяльнасці тэлефаністкай. Тут яе і застала вайна. У 1942 годзе дзяўчыну накіравалі ў штаб Паўночна-Каўказскага фронту тэлеграфісткай. Будучы сяржантам у групе ваенных сувязістаў, у 1943 годзе Надзея Леснікова ўдзельнічала ў гістарычнай падзеі - Тэгеранскай канферэнцыі ўдзельнікаў антыгітлераўскай кааліцыі - СССР, ЗША, Вялікабрытаніі. У скарбонцы ўзнагарод ветэрана - ордэны і медалі СССР за самаадданую працу і воінскую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І пасля Перамогі, ужо ў мірны час яна была і застаецца такім прыкладам дабрыні і жыццялюбства, што ніякія гады не засланяюць гэту ўнутраную прыгажосць.

"Надзея Мітрафанаўна мае шэраг ордэнаў і медалёў за самаадданую працу, бездакорную ваенную службу ў тыле. І такіх людзей у нас у краіне 1,6 тыс. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны - 5,5 тыс. чалавек. На жаль, з кожным годам іх становіцца ўсё менш", - дадала Ірына Касцевіч. Яна нагадала, што ў гэтым годзе, які азнаменаваны святкаваннем 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якія пацярпелі ад яе наступстваў, ветэранам і ўдзельнікам будзе выплачана аднаразовая матэрыяльная дапамога. "Акрамя таго, сёння мы прыходзім да кожнага ветэрана, каб вывучыць патрэбнасць у дадатковай дапамозе і аказаць яе. Недзе гэта рамонт, недзе ўборка, недзе праца з агародам і г.д. Запрашаем школьнікаў да гэтых мерапрыемстваў. Але важна тое, што мы робім гэта не толькі ў юбілейныя даты, а дорым клопат і ўвагу нашым ветэранам і пажылым людзям пастаянна", - сказала на заканчэнне міністр працы і сацабароны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі