Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 студзеня 2020, 11:12

У Беларусі праводзяць цеплавізійны кантроль пасажыраў, якія прыбываюць з буйнейшых аэрапортаў

23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі праводзяць цеплавізійны кантроль пасажыраў, якія прыбываюць з буйнейшых аэрапортаў свету, паведаміла журналістам загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Хомчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы Мінска сумесна з атрадам пагранічнага кантролю "Мінск" праводзяць санітарна-каранцінны кантроль, у тым ліку з выкарыстаннем цеплавізійнага абсталявання, пасажыраў, якія прыбываюць з краін, у якіх рэгіструецца эпідэміялагічная нестабільнасць па інфекцыйных захворваннях. "Таксама праводзіцца цеплавізійны кантроль пасажыраў, якія прыбывацюь са значных транспартных вузлоў. Гэта тыя аэрапорты, якія з'яўляюцца буйнымі перасадачнымі пунктамі, напрыклад, Франкфурт-на-Майне, Лондан, Парыж і іншыя", - сказала Кацярына Хомчанка.

Паводле слоў загадчыцы аддзела, цеплавізары рэагуюць на тэмпературу цела чалавека 37 градусаў і вышэй. Пры неабходнасці ёсць магчымасць выкарыстоўваць ручны цеплавізар. Такім чынам, у пункце пагранічнага пропуску можна выявіць чалавека, у якога павышана тэмпература цела. Далей можа быць выкліканы супрацоўнік Медыцынскай службы грамадзянскай авіяцыі, які агледзіць пацыента і назначыць шпіталізацыю, калі гэта неабходна.

Супрацоўнікі органаў пагранічнай службы звяртаюць увагу на знешнія прыкметы, якія могуць сведчыць аб наяўнасці ў пасажыра інфекцыйнага захворвання. У прыватнасці, гэта моцная гарачка, галавакружэнне, страта прытомнасці. Пасажыра перадаюць медработнікам для далейшага абследавання, адзначыў начальнік аддзялення атрада пагранічнага кантролю "Мінск" Руслан Каняхін.

У выпадку прыбыцця рэйса з патэнцыяльна небяспечнай краіны супрацоўнік пагранічнай службы прымае меры індывідуальнай аховы - надзявае маску і пальчаткі. Гэта дае магчымасць яму ўберагчыся ад магчымага заражэння інфекцыйнымі захворваннямі.

Штогод на тэрыторыі аэрапорта праводзяцца трэніровачныя вучэнні па выяўленні пасажыраў з сімптомамі інфекцыйнага захворвання, якое ўяўляе надзвычайную сітуацыю ў галіне грамадскай аховы здароўя. У 2019 годзе былі праведзены такія вучэнні як на борце паветранага судна, так і на тэрыторыі аэравакзальнага комплексу. У 2020 годзе вучэнні будуць прадоўжаны. Усе прымаемыя меры, паводле слоў Кацярыны Хомчанка, не дазволілі дапусціць на тэрыторыю краіны завозу захворванняў, якія маюць міжнароднае значэнне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі