Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

У Беларусі прапануюць забараніць бясплатныя поліэтыленавыя пакеты ў магазінах

Грамадства 26.07.2019 | 14:26
У час сустрэчы
У час сустрэчы

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" прапануе забараніць бясплатныя поліэтыленавыя пакеты ў магазінах і абмежаваць выкарыстанне аднаразовага посуду ў грамадскім харчаванні. Аб гэтым паведаміла дырэктар прадпрыемства Наталля Грынцэвіч сёння на сустрэчы па пытаннях распрацоўкі тэхналогій і арганізацыі вытворчасці біяраскладаемай упакоўкі з расліннай сыравіны, якая праходзіць з удзелам прэм'ер-міністра Сяргея Румаса, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дырэктывай нумар 7 "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны" прадугледжана прыняцце мер па паэтапным зніжэнні выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі з замяшчэннем яе на больш экалагічна бяспечную, у тым ліку са шкла і паперы. Мы прапануем меры для гандлю і грамадскага харчавання па абмежаванні спажывання аднаразовых вырабаў - пакетаў і посуду", - сказала Наталля Грынцэвіч.

У прыватнасці, прапануецца абавязаць гандаль рэкамендаваць пакупнікам шматразовыя сумкі замест прадаваемых на касе пакетаў, устанавіць забарону бясплатнай раздачы ў рознічным гандлі поліэтыленавых пакетаў. "Цяпер гэтыя пакеты тэарэтычна бясплатныя, яны ўключаны ў гандлёвую надбаўку. Калі чалавек убачыць цану на пакет, ён задумаецца, ці варта яго набываць", - заўважыла Наталля Грынцэвіч. Паводле ацэнак спецыялістаў, у Беларусі выкарыстоўваецца да 4 млрд поліэтыленавых пакетаў у год.

Асобныя групы тавараў хочуць упакоўваць у бясплатную абгортачную паперу. "Мы памятаем час, калі гэта было. Цяпер у нас з'яўляюцца магазіны, якія яе выкарыстоўваюць, і людзям гэта падабаецца", - сказала дырэктар ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў".

Прапануецца таксама ўстанвіць забарону на прымяненне аднаразовага посуду ў месцах грамадскага харчавання пры наяўнасці сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, забяспечыць абавязковую арганізацыю раздзельнага збору адходаў, якія адносяцца да другасных матэрыяльных рэсурсаў, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў (перш за ўсё гэта датычыцца палімерных адходаў і шкляной тары).

Паводле слоў Наталлі Грынцэвіч, у сусветным маштабе перапрацоўваецца толькі каля 14 працэнтаў вырабленай пластыкавай упакоўкі. Вялікія аб'ёмы пластыкавых адходаў утвараюцца перш за ўсё з-за кароткага тэрміну службы такіх вырабаў - гэта аднаразовы посуд, поліэтыленавыя пакеты, тара і ўпакоўка спажывецкіх тавараў. Каля 40 працэнтаў гэтых вырабаў маюць тэрмін службы меншы за адзін месяц, гэта значыць яны амаль адразу становяцца адходамі і трапляюць у смецце.

Адна з ініцыятыў - устанавіць гранічныя суадносіны вагі ўпакоўкі і вагі тавару. "Мы цяпер разумеем, што часам купляем не тавар, а ўпакоўку, якая становіцца смеццем", - пракаменціравала дырэктар ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў".

Праблемай спецыялісты лічаць і тое, што ў Беларусі адсутнічае паняцце біяраскладаемай упакоўкі. "Трэба замацаваць патрабаванні па выпрабаванні такіх матэрыялаў, каб мы разумелі, у якіх умовах яны могуць раскладацца, замацаваць патрабаванні па ідэнтыфікацыі гэтай упакоўкі, каб яна была зразумелай і людзі маглі яе адзначаць. Прапануем таксама ўвесці забарону на выкарыстанне для ўпакоўкі так званых окса-біяраскладаемых матэрыялаў, якія нясуць рызыку забруджвання прыроды мікрапластыкам", - растлумачыла Наталля Грынцэвіч.

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў назваў гэтыя прапановы радыкальнымі, але растлумачыў, што іх прапануецца ўводзіць паэтапна. "Нешта трэба ўкараняць у 2019 годзе, нешта - у 2021-м, а нешта - у 2025 годзе, калі будзе развіта ўся гэта сістэма. Мы сфармулявалі нашы прапановы, далей гатовы абмяркоўваць этапнасць іх рэалізацыі", - растлумачыў ён.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Прафілактыка ўкусаў змей У Беларусі жывуць тры віды змей: вуж, мядзянка, гадзюка звычайная (адзіная ядавітая).