Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2022, 10:37

У Беларусі плануюць стварыць доследную вытворчасць лінейкі айчынных электрамабіляў

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануюць стварыць доследную вытворчасць лінейкі айчынных электрамабіляў. Аб гэтым паведаміў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.

"Акадэмія навук вядзе актыўную работу ў сферы электратранспарту з 2019 года. Прадаўжаецца распрацоўка новых доследных узораў. На аснове створанага задзелу плануецца ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі-партнёрамі выйсці на доследную вытворчасць лінейкі айчынных электрамабіляў. У гэтай лінейцы мінівэн на шасі Joylong, седан на шасі Geely, тыпавы рад каркасных легкавых электрамабіляў з кузавам са шклапластыка, электрагрузавік на шасі аўтамабіля МАЗ, камунальная машына з электрапрыводам, якую ўжо можна сустрэць на вуліцах горада, і нават спартыўны картынг", - расказаў Уладзімір Гусакоў.

Паводле яго слоў, у бліжэйшай перспектыве разам з партнёрамі будзе распрацаваны электробус з павялічанай далёкасцю прабегу з нізкападлогавай пасадкай. У планах таксама стварэнне эксперыментальнай базы для сонечнай і вадароднай энергетыкі, наладжванне доследнай вытворчасці суперкандэнсатараў (так званых накапляльнікаў электраэнергіі), асваенне вытворчасці новых металакампазіцыйных матэрыялаў, вуглепластыкаў і шклапластыкаў.

Савет Міністраў прыняў комплексную праграму развіцця электратранспарту на 2021-2025 гады. Ключавыя работы па яе рэалізацыі будуць выконвацца Міністэрствам прамысловасці і НАН Беларусі. Так, па распрацоўках Акадэміі навук ААТ "Магілёўліфтмаш" вырабіла эксперыментальны ўзор электрарухавіка для легкавых аўтамабіляў. Атрыманы доследныя ўзоры электраматор-генератара новага пакалення, асноўныя блокі кіравання. Усе асноўныя сістэмы пераведзены на электрычную цягу і электроннае кіраванне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі