Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 красавіка 2020, 12:19

У Беларусі пацяплее ў другой палавіне тыдня

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пацяплее ў другой палавіне тыдня, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У мінулыя выхадныя дні ўтрымлівалася халаднаватае надвор'е. Фон сярэднесутачных тэмператур быў на 2-5 градусаў ніжэйшы за свае шматгадовыя даныя. Пры гэтым у паўночных і цэнтральных раёнах краіны адзначаліся ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу", - расказалі ў Белгідрамеце.

У першай палавіне бягучага тыдня ўмовы надвор'я будуць вызначацца ўплывам перыферыі скандынаўскага антыцыклону, прадоўжыцца паступленне халаднаватага паветра з паўночных шырот. У аўторак і сераду прагназуецца пераважна без ападкаў. Істотны дыскамфорт можа ўносіць парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, месцамі ў паўднёвых раёнах магчыма паніжэнне да мінус 4-6. Удзень паветра прагрэецца да 9-16 градусаў.

У чацвер, 23 красавіка, чакаецца пераважна без ападкаў, толькі ўдзень у асобных раёнах Гомельскай вобласці пройдзе кароткачасовы дождж. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 3 да плюс 3, па захадзе - 4-5 градусаў цяпла. Дзённая тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 10 па паўночным усходзе да плюс 18 у заходніх раёнах краіны.

У другой палавіне тыдня на надвор'е ў Беларусі пачнуць аказваць уплыў атмасферныя франты і больш цёплыя паветраныя масы. У асобных раёнах краіны прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ў начны час будзе слабададатнай ад нуля да плюс 6 градусаў, па поўдні - да 8 градусаў цяпла. Удзень чакаецца 10-17 градусаў са знакам плюс, па поўдні краіны ў асобныя дні паветра прагрэецца да 18-20 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі