Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 чэрвеня 2022, 14:35

У Беларусі паставілі на паток унікальную аперацыю - каранараграфію аднаго дня

У Беларусі паставілі на паток унікальную аперацыю - каранараграфію аднаго дня. Праводзіцца хірургічнае ўмяшанне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры "Кардыялогія". Карэспандэнт "7 дней" пабываў у аперацыйнай, паназіраў за работай урачоў і ў час абследавання паразмаўляў з пацыентам.

Кропкі доступу

Пра каранараграфію, напэўна, чулі многія беларусы. Сутнасць яе ў найбольш дакладным спосабе дыягностыкі ішэмічнай хваробы сэрца. Урачы з дапамогай пункцыі могуць убачыць месца і ступень звужэння каранарнай артэрыі, тым самым вызначыць неабходнасць лячэння. Яшчэ гэту працэдуру называюць "залатым стандартам" для пастаноўкі дакладнага дыягназу.

- Каранараграфія - інвазіўны метад даследавання, які прадугледжвае правядзенне пункцыі, - расказвае рэнтгенаэндаваскулярны хірург, загадчык аддзела інтэрвенцыйнай кардыялогіі доктар медыцынскіх навук, дацэнт Уладзімір Стальмашок. - Прасцей кажучы, гэта пракол буйных перыферычных сасудаў. Напрыклад, сцегнавой артэрыі, плечавой або ж локцевай. З-за таго, што праводзіцца пункцыя буйных сасудаў, ёсць пэўная рызыка крывацёкаў. Таму пацыент мае патрэбу ў шпіталізацыі ў стацыянар.

Раней у большасці выпадкаў каранараграфію праводзілі пры дапамозе сцегнавога доступу і ўводзілася даволі вялікая іголка - да 10 мм у дыяметры. Пры такім спосабе ёсць рызыка сур'ёзных крывацёкаў.

- Менавіта таму з часам мы перайшлі на так званы прамянёвы доступ - праколваем артэрыі, якія знаходзяцца на руцэ, - прадаўжае доктар. - Яны больш даступныя, ды і ўрач можа хутка спыніць кроў.

Дзень у дзень

Каранараграфія аднаго дня, як і вынікае з назвы, выконваецца па прынцыпе "дзень у дзень". Для гэтага спецыялісты цэнтра задзейнічалі магутнасці дзённага стацыянара, які не прадугледжвае працяглага знаходжання ў ім чалавека. У РНПЦ "Кардыялогія" каранараграфія па такім метадзе выконваецца каля года. За гэты час праз аперацыйную прайшлі каля 60 пацыентаў, урачы атрымалі каштоўны вопыт.

- Ва ўсіх развітых краінах такая практыка з'яўляецца звычайнай, - падключаецца да размовы рэнтгенаэндаваскулярны хірург Андрэй Зацэпін. Ёсць і пэўныя патрабаванні да пацыента. Ён, у прыватнасці, павінен уважліва сачыць за сваім станам і выконваць усе прадпісанні ўрача. Калі выканаць усе ўмовы, то ніякіх ускладненняў не будзе.

Інвазіўнае ўмяшанне выконваецца пад мясцовым наркозам. На ўсе маніпуляцыі, як правіла, ідзе не больш за паўгадзіны. Увесь гэты час пацыент знаходзіцца ў прытомнасці, за яго станам уважліва сочыць медыцынскі персанал. Прыкладна праз 2-3 гадзіны, калі не назіраецца змяненняў стану, чалавек можа адпраўляцца дадому.

- Калі ж выконваць аперацыю, напрыклад, праз сцегнавую артэрыю, то пацыент яшчэ на працягу 12-24 гадзін не павінен хадзіць, - дадае Андрэй Зацэпін.

На кантрасце

Каранараграфія праводзіцца ў спецыяльнай рэнтгенаперацыйнай. Перад тым, як трапіць у яе, надзяваецца спецыяльнае ахоўнае адзенне - доза апрамянення за час правядзення працэдуры складзе ад 2 да 10 мілізівертаў у гадзіну.

Аперацыйная цэнтра "Кардыялогія" выглядае, як касмічны карабель. І тут і там "папіскваюць" розныя прыборы, адразу на некалькі экранаў выведзены выявы сасудаў. На іншых паказваецца стан пацыента - ад ціску і пульса да электракардыяграмы, якая адлюстроўвае паказчыкі сэрца ў рэжыме рэальнага часу. У анамнезе 67-гадовага мужчыны - перанесены каля 20 гадоў таму інфаркт міякарда, гэта і стала прычынай для чарговай праверкі сасудаў.

Калі растлумачыць сутнасць маніпуляцыі сцісла, то выконваецца пункцыя, далей пацыенту ўводзяць спецыяльны катэтар, праз які паступае кантраснае рэчыва на аснове ёду. Такі прэпарат паглынае рэнтгенаўскія прамяні, літаральна падсвечвае тое, што адбываецца ў артэрыі. Пасля спецыяльнай тонкай трубкай урач рухаецца ў неабходнае месца.

- Цяпер я паставіў катэтар у вусце артэрыі, якая непасрэдна сілкуе сэрца, - каменціруе Андрэй Зацэпін, не адрываючыся ад ходу аперацыі. - Кантраснае рэчыва ўведзена. На экране бачым сістэму левай каранарнай артэрыі. Яна пашкоджана інфарктам, што быў раней. Чалавек без медыцынскай адукацыі можа гэтага не заўважыць, а на кантрасце з рысункам правай артэрыі гэта добра відаць - яна чыстая і без бачных змяненняў.

Увесь працэс запісваецца на камеру. Пацыент знаходзіцца ў прытомнасці. Побач на выпадак непрадбачанай сітуацыі дзяжурыць урач-анестэзіёлаг.

- Болю я сапраўды ніякага не адчуваю. Затое ёсць вельмі незвычайнае адчуванне, што ўнутры цябе нешта варушыцца. І яшчэ цікава назіраць за выявай і супастаўляць з адчуваннямі, - дзеліцца ўражаннямі пацыент.

Літаральна праз 15 мінут урач паведамляе мужчыну, што праз дзве гадзіны ён ужо можа адпраўляцца дадому.

- Усё прайшло штатна і нават крыху хутчэй, чым звычайна. Пацыент таксама адчувае сябе добра, - рэзюмаваў Андрэй Зацэпін.

Каранараграфія паказана пры сардэчнай недастатковасці або парушэннях сардэчнага рытму, пры неэфектыўнасці медыкаментознага лячэння стэнакардыі, яе нестабільнасці, праяўленні стэнакардыі пасля інфаркту.

Працэдуру таксама могуць правесці ў першыя гадзіны пасля інфаркту для таго, каб вызначыць дакладнае месца і ступень закупоркі сасудаў.

Гэты вопыт прапануюць укараніць у рэгіёнах

Каранараграфія праз прамянёвы доступ выконваецца толькі ў РНПЦ "Кардыялогія" і Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры. Аднак ужо ў хуткім часе яе правядзенне стане магчымым і ў рэгіёнах. Цяпер спецыялісты цэнтра актыўна дзеляцца вопытам з калегамі.

Каранараграфія - не толькі дыягнастычная працэдура. У выпадку неабходнасці чалавеку могуць правесці стэнціраванне.

Аляксандр НАВАХРОСТ,

фота Віталь ПІВАВАРЧЫК,

газета "7 дней".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі