Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 мая 2020, 09:14

У Беларусі пачынаецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты

21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 21 мая па 19 чэрвеня ўключна будзе ісці збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты, паведамляе БЕЛТА.

Збіраць подпісы будуць 15 ініцыятыўных груп, зарэгістраваных у ЦВК прэтэндэнтамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Каб вылучыцца кандыдатам у Прэзідэнты, трэба заручыцца падтрымкай не менш як 100 тыс. паўналетніх грамадзян Беларусі, якія маюць выбарчае права.

Паставіць подпіс можна за некалькі кандыдатур, але за адну і тую ж - толькі раз. Члены ініцыятыўных груп маюць права знаёміць выбаршчыкаў з біяграфіяй прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта, але інфармацыйныя і іншыя матэрыялы пра іх не раздаюцца.

З улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі зборшчыкі подпісаў павінны прытрымлівацца рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі: насіць маскі, апрацоўваць рукі антысептыкам і г.д.

Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў назначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. У адпаведнасці з каляндарным планам вылучэнне кандыдатаў пройдзе з 20 чэрвеня па 4 ліпеня, рэгістрацыя - з 5 па 14 ліпеня. Пасля гэтага стартуе перыяд перадвыбарнай агітацыі. Датэрміновае галасаванне на выбарах адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі выбараў Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней за 19 жніўня. Другі тур, калі ў ім будзе неабходнасць, згодна з планам павінен прайсці не пазней як у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі