Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 сакавіка 2021, 17:59

У Беларусі пачалі прышчапляць супраць каранавіруса кітайскай вакцынай

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пачалі прышчапляць супраць каранавіруса кітайскай вакцынай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размова ідзе пра вакцыну SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), Inactivated, кампаніі Sinopharm, якая 19 лютага прыбыла з Пекіна. Тады ў Беларусь было дастаўлена 100 тыс. доз вакцыны.

Як адзначыў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, прышчэпачная кампанія стартавала ў 39-й паліклініцы - адной з лепшых паліклінічных устаноў Мінска. У першую чаргу прышчапляюць медработнікаў. Сёння прышчэпку таксама атрымліваюць супрацоўнікі апарату Міністэрства аховы здароўя. З красавіка, калі пачнецца масавая вакцынацыя, прышчапіцца змогуць усе жадаючыя старэйшыя за 16 гадоў (пры адсутнасці проціпаказанняў).

За той час, які вакцына знаходзіцца ў Беларусі, яна прайшла ўсе неабходныя пры ўвозе ў краіну працэдуры, неабходныя для пацвярджэння бяспекі і якасці, дадаў міністр.

Пасол Кітая ў Беларусі Се Сяаюн адзначыў, што вакцына перададзена ў якасці бязвыплатнай дапамогі. Паводле яго слоў, гэта канкрэтная мера ў працяг дамоўленасцей кіраўнікоў дзяржаў дзвюх краін і яшчэ адно канкрэтнае дзеянне па барацьбе з пандэміяй. Гэта дапамога з'яўляецца сімвалам дружалюбных адносін паміж кітайскім і беларускім народамі.

Вакцына пастаўляецца ў больш як 40 краін. Яна пацвердзіла сваю бяспеку: ніякіх сур'ёзных пабочных эфектаў не адзначана. Яе эфектыўнасць складае 86 працэнтаў (гэта пацвердзілі партнёры, якія яе ўжо выкарыстоўваюць), а што датычыцца прадухілення цяжкіх выпадкаў - 100 працэнтаў. Транспартаваць і захоўваць яе можна пры тэмпературы 2-8 градуса вышэй за нуль, што з'яўляецца перавагай.

"Мы вельмі рады, што нашы беларускія сябры змогуць выкарыстоўваць кітайскую вакцыну, і спадзяёмся, што яна зможа адыграць актыўную ролю ў барацьбе з пандэміяй, а таксама ў ахове жыцця і здароўя нашага дружалюбнага беларускага народа", - сказаў на заканчэнне пасол.

Цяпер спецыялісты абмяркоўваюць пытанне лакалізацыі вытворчасці кітайскай вакцыны ў Беларусі. Паводле слоў Дзмітрыя Піневіча, магчыма, гэта адбудзецца на базе індустрыяльнага парка "Вялікі камень".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі