Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 лістапада 2018, 12:48

У Беларусі няма высокіх рызык фінансавання тэрарызму - Рэут

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі няма высокіх рызык фінансавання тэрарызму, заявіў журналістам дырэктар Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю Вячаслаў Рэут перад пачаткам пасяджэння Савета кіраўнікоў падраздзяленняў фінансавай разведкі краін СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь не мае высокіх рызык фінансавання тэрарызму. У той жа час, улічваючы транзітны характар краіны, магчыма выкарыстанне нашай нацыянальнай фінансавай сістэмы, - сказаў Вячаслаў Рэут. - Разам з калегамі мы адсочваем магчымыя шляхі праходу грошай, таму што бенефіцыяр можа знаходзіцца ў іншай краіне, а Беларусь можа быць транзітам. Для гэтага існуе наш савет, каб наладзіць супрацоўніцтва спецыялістаў краін СНД".

У Беларусі праведзена вялікая работа ў сферы процідзеяння легалізацыі злачынных даходаў і фінансавання тэрарызму. "Беларускія спецыялісты працуюць на ўзроўні міжнародных экспертаў, да іх меркавання прыслухоўваюцца не толькі на тэрыторыі СНД, але і ў свеце. Нам ёсць што паказаць і куды рухацца", - адзначыў Вячаслаў Рэут.

Як паведамілі ў прэс-службе Камітэта дзяржаўнага кантролю, сёння ў Мінску ў час 29-га Пленарнага тыдня Еўразійскай групы па барацьбе з адмываннем злачынных даходаў і фінансаваннем тэрарызму (ЕАГ) па ініцыятыве камітэта праходзіць семінар па падрыхтоўцы Беларусі да міжнароднай ацэнкі нацыянальнай сістэмы. Асноўны этап такой ацэнкі адбудзецца ў сакавіку 2019 года, калі краіну наведаюць эксперты - ацэншчыкі ЕАГ. "Рэзультаты ацэнкі нацыянальнай сістэмы процідзеяння легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарыстычнай дзейнасці і распаўсюджванню зброі масавага паражэння шмат у чым уплываюць на ўмовы далейшага функцыянавання беларускай фінансавай сістэмы. Пазітыўная ацэнка будзе садзейнічаць павышэнню крэдытных і іншых рэйтынгаў краіны. Негатыўная ацэнка можа прывесці да прымянення адпаведных мер: ад пастаноўкі на працэдуру ўзмоцненага маніторынгу да ўключэння ў "чорны" спіс групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай. Гэта міжнародная арганізацыя распрацоўвае крытэрыі ацэнкі нацыянальных сістэм, якія прызнаны ўсёй сусветнай супольнасцю", - расказалі ў прэс-службе.

Папярэдняя ацэнка праводзілася ў Беларусі 10 гадоў таму і ў цэлым мела станоўчыя вынікі. Цяперашні семінар - трэці з пачатку года па падрыхтоўцы ўдзельнікаў беларускай сістэмы. У час яго работы прадстаўнікі ЕАГ растлумачаць працэдуры і патрабаванні міжнароднай ацэнкі.

Семінар сабраў 150 прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і амаль 100 ад прыватнага сектара. Гэта прадстаўнікі банкаў, страхавых арганізацый, рэгістратары нерухомай маёмасці, натарыусы, прафесійныя ўдзельнікі рынку каштоўных папер, рыэлтары, адвакаты з Беларусі і дзяржаў - членаў ЕАГ.

У нацыянальную сістэму ўваходзяць Генеральная пракуратура, Нацыянальны банк, Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю, праваахоўныя і дзяржаўныя органы, прадстаўнікі прыватнага сектара.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі