Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 красавіка 2014, 14:13

У Беларусі неабходна дапрацаваць методыку ацэнкі жылля, якое прыватызуецца - А.Якабсон

3 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі неабходна дапрацаваць методыку ацэнкі жылля, якое прыватызуецца. Аб гэтым заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон на пасяджэнні рабочай групы па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Скаргаў ад людзей, асабліва якія пражываюць у малых гарадах і вёсцы, паступае шмат. Маўляў, каб прыватызаваць кватэру, трэба заплаціць Br80-100 млн", - сказаў кіраўнік КДК.

Аб актуальнасці гэтага пытання сведчыць і статыстыка зваротаў грамадзян. Першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў адзначыў, што ў цэнтральны апарат міністэрства ў мінулым годзе паступіла 3 тыс. 718 зваротаў - на 6,5 працэнта больш у параўнанні з 2012 годам. Такі рост тлумачыцца тым, што павялічылася колькасць просьбаў аб кансультацыях і растлумачэнні розных навацый - ад арэнднага жылля да прыватызацыі жылога фонду. Напрыклад, колькасць зваротаў па прыватызацыі жылля ўзрасла ў 4 разы. "Грамадзяне выказваюць нязгоду з разлікам кошту займаемых жылых памяшканняў, а таксама ўзнімаюць пытанні наконт кошту кватэр, пабудаваных гаспадарчым спосабам з долевым удзелам жыхароў", - сказаў Аляксандр Церахаў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за работай галін сферы матэрыяльнай вытворчасці Камітэта дзяржаўнага кантролю Сяргей Раўнейка лічыць пытанне ацэнкі жылля пры яго прыватызацыі вельмі значным. "Я асабіста разглядаў зварот жыхаркі невялікага населенага пункта Магілёўскай вобласці, якая не разумее, чаму яе кватэра ацэнена ў памеры амаль Br100 млн, як аналагічная ў буйным абласным цэнтры і ў сталіцы, - сказаў прадстаўнік КДК. - Наколькі такая метадалогія ацэнкі апраўдана? Рыначны кошт гэтага жылля ў залежнасці ад яго "прапіскі" абсалютна розны, дык чаму прыватызацыйныя сумы аднолькавыя?"

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац растлумачыў, што МЖКГ і Дзяржкаммаёмасць сумесна падрыхтавалі растлумачальнае пісьмо аб тым, што рабіць жыхарам, калі яны не згодныя з ацэнкай: "Трэба заказаць правядзенне незалежнай ацэнкі балансавага кошту ўсяго аб'екта нерухомай маёмасці ў спецыялізаванай арганізацыі, потым вылучыць кошт кватэры для гэтага грамадзяніна. Структуры Дзяржкаммаёмасці могуць правесці ацэнку, але за грошы".

Аднак члены рабочай групы не згадзіліся з такім алгарытмам дзеянняў: маўляў, якія ж сродкі трэба заплаціць чалавеку за заказ гэтай дакументацыі? Гэтыя сумы проста нерэальныя для звычайнага грамадзяніна.

"Неабходна выпрацаваць методыку ацэнкі - сумесна з Дзяржкаммаёмасці", - паставіў задачу Аляксандр Якабсон.

Закранаючы ў цэлым рост колькасці зваротаў кансультацыйна-растлумачальнага характару, Аляксандр Церахаў праінфармаваў, што Мінжылкамгасам распрацаваны меры па прававой асвеце грамадзян. Так, прынята рашэнне выкарыстоўваць адваротны бок рахункаў-паведамленняў для размяшчэння актуальнай інфармацыі. Распрацаваны інфармацыйна-даведачныя буклеты, каб у даступнай форме расказваць спажыўцам ЖКП аб розных аспектах дзейнасці ЖКГ - фарміраванні цэн і тарыфаў, парадку прыватызацыі, функцыянаванні таварыстваў уласнікаў і г.д. На думку першага намесніка міністра, пара пераходзіць на больш сучасную сістэму работы з грамадзянамі - размова ідзе аб стварэнні call-centers c адзіным нумарам па краіне, каб арганізаваць якаснае анлайн-кансультаванне.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі