Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 жніўня 2021, 13:54

У Беларусі на бягучым тыдні стане халадней

16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на бягучым тыдні стане халадней, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Мінулыя выхадныя і ў пачатку новага тыдня ў Беларусі адзначалася вельмі цёплае надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай паветра плюс 18-23, што на 1-5 градусаў вышэй за кліматычную норму. Тэмпература паветра ўдзень у нядзелю склала плюс 23-29, па паўднёвым усходзе краіны паветра прагравалася да 30-32 градусаў. Месцамі адзначаліся кароткачасовыя дажджы", - сказалі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 17 жніўня, чакаецца вельмі няўстойлівае надвор'е з вялікімі кантрастамі тэмпературы паветра. Праз тэрыторыю краіны будзе перамяшчацца сістэма актыўных атмасферных франтоў з паўднёвага захаду Еўропы. На большай частцы тэрыторыі прагназуюцца дажджы рознай інтэнсіўнасці, месцамі навальніцы і моцныя дажджы, пры навальніцах моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе 14-20 градусаў вышэй за нуль, удзень будзе вагацца ад плюс 20 па захадзе краіны ў шчыльнай воблачнасці і больш інтэнсіўных ападках да плюс 34-35 ва ўсходніх раёнах Магілёўскай і Гомельскай абласцей, якія будуць знаходзіцца ў вельмі цёплым паветры трапічнага паходжання.

У сераду, 18 жніўня, атмасферны фронт прадоўжыць рух на ўсход і будзе паволі перамяшчацца на тэрыторыю Расіі, следам за ім пачне паступаць умерана цёплая паветраная маса з Заходняй Еўропы. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра істотна панізіцца. Уначы будзе 9-16 градусаў вышэй за нуль, удзень - 18-24 градусы цяпла.

Да канца працоўнага тыдня тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца пад уплывам няўстойлівых паветраных мас паўночнаатлантычнага паходжання. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Уначы і раніцай па паўднёвым усходзе чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-14 градусаў вышэй за нуль, удзень будзе ад плюс 18 па паўночным захадзе да 26 градусаў цяпла па паўднёвым усходзе краіны.

У выхадныя чарговая сістэма атмасферных франтоў прынясе на большую частку тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-16 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе 17-24 градусы цяпла, па паўднёвым усходзе - да плюс 26.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі