ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 4 снежня 2021
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 кастрычніка 2021, 13:57

У Беларусі на бягучым тыдні будзе няўстойлівае надвор'е з дажджамі

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Няўстойлівае надвор'е з дажджамі чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Новы тыдзень пачаўся ў Беларусі з няўстойлівага надвор'я. Атмасферны фронт, які перамясціўся з Балтыйскага мора, прынёс на большую частку тэрыторыі краіны дажджы ад невялікіх да ўмераных. Тэмпературны фон цяпер знаходзіцца ў межах, блізкіх да кліматычнай нормы. На працягу рабочага тыдня захаваецца няўстойлівае надвор'е з частымі зменамі сінаптычных працэсаў", - расказалі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 19 кастрычніка, пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску будзе пераважна без ападкаў, толькі ў другой палавіне дня месцамі па захадзе краіны пры набліжэнні атмасфернага фронту з тэрыторыі Польшчы пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. У начны і ранішні час у асобных раёнах магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 2, удзень - 5-11 градусаў цяпла.

У сераду, 20 кастрычніка, надвор'е Беларусі будуць фарміраваць атмасферныя франты ад цыклону з цэнтрам над Скандынаўскім паўвостравам. Уначы месцамі, раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы рознай інтэнсіўнасці, у начны і ранішні час па паўночным усходзе магчымы мокры снег. Тэмпература паветра ўначы дасць разбежку ад мінус 4 па ўсходзе да плюс 7 па захадзе. Удзень будзе 7-13 градусаў цяпла, у паўднёва-заходніх раёнах - да плюс 15.

У чацвер, 21 кастрычніка, тэрыторыя Беларусі застанецца ў арбіце ўплыву скандынаўскага цыклону. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Удзень у асобных раёнах магчыма ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Чакаецца распаўсюджванне больш цёплых паветраных мас з паўднёвага захаду Еўропы, таму тэмпературны фон будзе павышаным. Уначы будзе 5-12 градусаў вышэй за нуль, удзень - 12-19 градусаў цяпла.

У пятніцу, 22 кастрычніка, захаваецца няўстойлівае і ветранае надвор'е. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 4-11 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе 7-14 градусаў цяпла, у паўднёва-ўсходніх раёнах - плюс 15-17.

У выхадныя па меры перамяшчэння цэнтра цыклону на тэрыторыю краіны чакаецца паступленне больш халоднага арктычнага паветра. Прагназуецца паніжэнне тэмпературнага фону і ападкі ў выглядзе дажджу, не выключаны мокры снег.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі