Сцяг Серада, 28 лютага 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 лістапада 2015, 09:25

У Беларусі мужчыны сталі курыць менш, а маладыя дзяўчаты і жанчыны сталага ўзросту - больш

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі мужчыны сталі курыць менш, а маладыя дзяўчаты і жанчыны сталага ўзросту - больш. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Паводле слоў спецыялістаў, умацоўваецца пазітыўная тэндэнцыя да зніжэння распаўсюджанасці курэння сярод мужчын. Так, на пачатак бягучага года ўдзельная вага курцоў сярод мужчын склала 45,8 працэнта - у 1,1 раза менш у параўнанні з 2010-м. Аднак узрастае доля курцоў сярод маладых дзяўчат і жанчын сталага ўзросту (і гэта пры добрай інфармаванасці аб шкодзе тытунекурэння для здароўя).

Так, на пачатак 2015 года ўдзельная вага курцоў сярод дзяўчат ва ўзросце 16-19 гадоў склала 6,8 працэнта (на пачатак 2010 года - 5,5 працэнта), сярод жанчын ва ўзросце 40-49 гадоў - 15 працэнтаў (было 12,1 працэнта), ва ўзросце 50-59 гадоў - 8,8 працэнта (было 6,7 працэнта), ва ўзросце 60 гадоў і больш - 2,4 працэнта (было 1,4 працэнта). Пры гэтым за пяць гадоў знізілася ўдзельная вага курцоў сярод жанчын ва ўзросце 20-29 гадоў - з 17,6 працэнта да 9,9 працэнта, ва ўзросце 30-39 гадоў - з 18,1 працэнта да 16,5 працэнта.

Паводле даных выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, у Беларусі на пачатак 2015 года доля курцоў сярод насельніцтва ва ўзросце 16 гадоў і старэйшыя склала 24,4 працэнта. Гэта найменшае значэнне гэтага паказчыка за апошнія 5 гадоў (у 2010-м было 27 працэнтаў). Зніжэнне долі курцоў адзначаецца практычна ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Негатыўным фактарам з'яўляецца высокая распаўсюджанасць рэгулярнага курэння, адзначылі ў Белстаце. Так, на пачатак 2015 года большасць курцоў (93,2 працэнта мужчын-курцоў і 76 працэнтаў жанчын-курцоў) курылі штодзень. Пры гэтым сярод мужчын, якія кураць штодзень, доля тых, хто выкурваў у дзень не менш за пачак цыгарэт, склала 53,1 працэнта, сярод жанчын, якія кураць штодзень, - 21,4 працэнта.

Штогадова кожны трэці чацвер лістапада ў большасці краін свету адзначаецца Сусветны дзень адмовы ад курэння. Курэнне - адна з вострых праблем сучаснага грамадства, паколькі з'яўляецца асноўнай прычынай большасці захворванняў, што ўплываюць на працягласць жыцця чалавека. Нягледзячы на вялікую колькасць інфармацыйных кампаній і антытытунёвай рэкламы, далёка не ўсе курцы гатовы адмовіцца ад шкоднай прывычкі. Анколагі прапануюць хаця б адзін дзень у год правесці без цыгарэты. У бягучым годзе гэты дзень - 19 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі