Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 кастрычніка 2020, 13:01

У Беларусі лістапад стартуе не па сезоне цёплым надвор'ем - Белгідрамет

29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі лістапад стартуе не па сезоне цёплым надвор'ем, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Ужо з мінулых выхадных магутны цыклон з Паўночнай Атлантыкі спрабуе прабіцца на ўсход, але яго шлях перашкаджае шырокі блакіруючы антыцыклон над Волгай. Пакуль Беларусь знаходзілася пад аховай гэтага антыцыклону, дажджоў практычна не было. У бліжэйшыя суткі, 30 кастрычніка, сітуацыя зменіцца і ўладу над надвор'ем возьмуць франтальныя раздзелы з Заходняй Еўропы. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, у асобных раёнах чакаюцца туманы", - расказалі сіноптыкі. Вецер будзе паўднёвы з пераходам на заходні, уначы слабы, удзень умераны. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 4-10 градусаў, удзень - 7-13 градусаў цяпла.

У суботу, 31 кастрычніка, уначы захаваецца ўплыў франтальных раздзелаў, удзень надвор'е будзе фарміраваць вільготная няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з Балтыйскага мора. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Уначы на большай частцы тэрыторыі краіны, а ўдзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Вецер будзе пераменных напрамкаў умераны. Начная тэмпература паветра складзе плюс 2-7 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 6-11 градусаў. Павышаным тэмпературным фонам закончыцца анамальна цёплы кастрычнік 2020 года.

"Не па сезоне цёплым надвор'ем стартуе і лістапад. 1 лістапада ўмовы надвор'я ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску і ў многіх раёнах абыдзецца без ападкаў, толькі па Гомельскай вобласці захаваецца ўплыў няўстойлівай вільготнай паветранай масы - тут месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы", - паведамілі ў Белгідрамеце. Уначы і раніцай у асобных раёнах будуць згушчацца туманы. Вецер паўночна-ўсходні, усходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 1-7 градусаў, удзень - 6-12 градусаў цяпла.

У панядзелак, 2 лістапада, большая частка краіны застанецца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Чакаецца воблачна з праясненнямі, пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі будзе туман. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні, паўднёвы, уначы слабы, удзень умераны. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 1 да плюс 7 градусаў, пры працяглых праясненнях - ад нуля да мінус 2 градусаў. Удзень чакаецца 6-12 градусаў цяпла.

У сярэдзіне наступнага тыдня атмасферны ціск спадзе, і праз тэрыторыю Беларусі будуць перамяшчацца малаактыўныя атмасферныя франты з Заходняй Еўропы. Месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах будуць згушчацца туманы. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы, уначы слабы, удзень умераны. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 2-8, удзень - 7-14 градусаў вышэй за нуль. Такі тэмпературны фон будзе на 4-6 градусаў вышэйшым за кліматычную норму для пачатку лістапада, растлумачылі сіноптыкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі