Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 верасня 2014, 19:11

У Беларусі ліквідаваны ваенныя пракуратуры

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову нумар 850 ад 29 жніўня 2014 года, якая датычыцца ліквідацыі ваенных пракуратур, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

Дакумент прыняты ў развіццё ўказа нумар 137 ад 26 сакавіка 2014 года "Аб ліквідацыі ваенных пракуратур" і ўносіць змяненні ў розныя пастановы, якія датычацца дзейнасці, у тым ліку ваенных пракурораў. З гэтых дакументаў выключаецца адпаведная тэрміналогія.

Напрыклад, у палажэнні аб медыцынскім забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб, звольненых з ваеннай службы, членаў іх сем'яў, інвалідаў ВАВ і інвалідаў з ліку ваеннаслужачых, якое было зацверджана пастановай Саўміна нумар 814 ад 2 снежня 1993 года (а потым уносіліся змяненні іншымі пастановамі) тэрмін "ваенны пракурор гарнізона" замяняецца словам "пракурор". Аналагічныя змяненні ўнесены і ў многія іншыя дакументы. Пастанова аб гэтым уступіла ў сілу з 1 верасня 2014 года.

Як паведамлялася раней, у Беларусі былі таксама ліквідаваны ваенныя суды. Гэтыя структуры былі скасаваны з 1 ліпеня, што было адной з частак судовай рэформы. Сваё існаванне спынілі шэсць міжгарнізонных судоў, Беларускі ваенны суд і Ваенная калегія Вярхоўнага суда, а таксама канферэнцыя і кваліфікацыйная калегія суддзяў ваенных судоў.

Акрамя таго, 26 чэрвеня быў падпісаны ўказ нумар 297 "Аб назначэнні і вызваленні суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь і пытаннях дзейнасці судовай сістэмы". У дакуменце, у прыватнасці, гаварылася, што з 1 ліпеня больш як 10 ваенных суддзяў вызваляюцца са сваіх пасад і становяцца суддзямі Вярхоўнага суда і іншых агульных судоў. Таксама двое ваенных суддзяў пайшлі ў адстаўку, а адзін вызвалены з пасады ў сувязі з пераходам на іншую работу.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі