Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 мая 2021, 12:30

У Беларусі да канца тыдня захаваецца дажджлівае надвор'е

6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі да канца тыдня захаваецца дажджлівае надвор'е, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Атлантычныя цыклоны і іх атмасферныя франты прадаўжаюць пастаўляць на тэрыторыю Беларусі ўсё новыя і новыя порцыі ападкаў. На сённяшні дзень па заходняй палове краіны сума выпаўшых ападкаў ужо дасягае 30-40 працэнтаў майскай нормы, а на асобных метэастанцыях зарэгістравана і да 80 працэнтаў нормы апошняга вясенняга месяца. Дажджы не спыняцца і ў бліжэйшыя дні", - адзначылі сіноптыкі.

У пятніцу, 7 мая, уначы месцамі па краіне пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Удзень таксама часам чакаюцца дажджы, у асобных раёнах магчымы навальніцы. Вецер будзе паўднёвы, паўднёва-заходні ўмераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 1-7 градусаў, удзень - 9-15 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе прагназуецца да плюс 18 градусаў.

У суботу, 8 мая, чакаецца ветранае халаднаватае надвор'е. Беларусь будзе знаходзіцца пад уплывам цыклону, які ідзе праз поўнач Беларусі на Наўгародскую вобласць Расіі. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Вецер будзе заходні, паўночна-заходні, уначы ўмераны, удзень у многіх раёнах краіны будзе ўзмацняцца да моцнага парывістага. Тэмпература паветра складзе плюс 2-9 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 6-12 градусаў цяпла.

У нядзелю, 9 мая, надвор'е ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай паветранай масе, будзе пераважна без ападкаў. Вецер па заходняй чвэрці будзе ўмераны, уначы па паўночным усходзе парывісты. Тэмпература паветра ў начны час будзе плюс 1-6 градусаў, пры малавоблачным небе на глебе і месцамі ў паветры чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 3. У дзённы час тэмпература паветра складзе 11-17 градусаў цяпла.

У пачатку наступнага тыдня надвор'е зменіцца. У Беларусь пачнуць паступаць паветраныя масы з поўдня Еўропы і ўсталюецца цёплае надвор'е.

У панядзелак, 10 мая, пры павышаным фоне атмасфернага ціску істотных ападкаў не чакаецца. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 1-8 градусаў, месцамі па паўднёвым усходзе замаразкі ад нуля да мінус 2 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 17-24 градусаў.

У аўторак, 11 мая, будзе без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 3-10, па захадзе - да плюс 12 градусаў. Удзень чакаецца 19-26 градусаў цяпла.

У сераду, 12 мая, уначы прагназуецца пераважна без ападкаў, удзень у асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 5-12 градусаў. У дзённы час паветра прагрэецца да плюс 16-22 градусаў, у асобных раёнах - да плюс 25 градусаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі